У Оршы паставяць «Дошку гонару» па цане дома. Тут ужо не вытрымалі нават чытачы раёнкі

Дзяржаўная «Аршанская газета» паведаміла чытачам, што плануецца перанос раённай дошкі гонару ад будынка райвыканкама на цэнтральную плошчу Оршы, дзе стаіць помнік Леніну. «Адшукалі для вас праект новай канструкцыі. Як вам такая ідэя?» — запыталася рэдакцыя. Сацсеткі выдання выбухнулі абурэннем гараджан.

16.11.2023 / 18:50

Праект раённай дошкі гонару. Выява з orshanka.by

«Абсалютна непатрэбная ідэя. Марнаванне бюджэтных сродкаў!» — такі каментар сабраў найбольшую колькасць падабаек на старонцы «Аршанскай газеты» ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Сярод 23 каментароў да гэтай навіны не знайшлося ніводнага прыхільнага. Аналагічная сітуацыя і на старонцы выдання ў Instagram.

«Чаму не пытаюцца ў жыхароў, калі прымаюцца такія рашэнні? Мы ўсе плацім падаткі. Гэта змарнаваныя грошы, а ў нас вартыя жалю дзіцячыя пляцоўкі, бракуе абсталявання ў паліклініках, не кажучы ўжо пра рамонты», — піша адзін з 43 каментатараў у інсце.

Аршанцы пералічваюць дзясяткі аб'ектаў, на якія можна было б выдаткаваць грошы.

«Колькі гэта каштуе? Баюся нават уявіць», — пытаецца ўдзельнік абмеркавання.

Цяпер дошка гонару ў Оршы выглядае так. Фота: orshanka.by

На пытанне пра кошт аб'екта ў раёнцы і яе сацсетках ніхто не адказаў. На афіцыйным сайце Аршанскага райвыканкама таксама няма ніякіх звестак пра кошт новых стэндаў.

Мяркуючы з рэндара ў раённай газеце, новы гарадскі аб'ект будзе адзін у адзін падобны да дошкі гонару, усталяванай у 2020 годзе ў Віцебску.

Дошка гонару ў Віцебску. Фота: viciebsk.cc

Гэта два стэнды, абліцаваныя гранітам і дэкараваныя арнаментам з анадзіраванага алюмінію. Паміж стэндамі — стэла з гербам Рэспублікі Беларусь, але ў аршанскім варыянце на ёй будзе размешчаны герб горада. Тры гады таму віцебская дошка гонару абышлася гарадскому бюджэту больш як у 150 тысяч рублёў, або ў 67 тысяч долараў па тагачасным курсе.

Чытайце таксама:

У цэнтры Оршы мужчына памёр на тратуары

На заводзе ў Оршы адбыўся выкід пары, траўмаваныя пяцёра рабочых

У Оршы пабудуюць грандыёзны вайскова-патрыятычны цэнтр для дзяцей і моладзі

Nashaniva.com