Уладзіміра Арлова ўзнагародзілі прэміяй маршалка Падляшскага ваяводства
Прэмія была ўручана за дасягненні ў галіне прозы і паэзіі.
16.11.2023 / 16:38
Уладзімір Арлоў. Фота: «Наша Ніва»
Адзін з самых вядомых і папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Арлоў узнагароджаны штогадовай прэміяй маршалка Падляшскага ваяводства за дасягненні ў галіне мастацкай творчасці ды пашырэння культуры. Прэмія ўручана за дасягненні ў галіне прозы і паэзіі, паведамляе сайт Kamunikat.org.
Рашэнне аб прызнанні сёлетніх узнагародаў было прынятае на паседжанні праўлення Падляшскага ваяводства 15 лістапада.
«Гэтыя ўзнагароды — прызнанне падляшскай мясцовай улады, наш спосаб ушанавання і падзякі тым творцам, якія спрыяюць развіццю і ахове культуры нашага краю», — сказаў маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі.
Уладзімір Арлоў — адзін з самых вядомых і папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Гісторык, аўтар некалькіх дзясяткаў кніг мастацкай і дакументальнай прозы, вершаў і эсэістыкі.
За апошнія два гады фонд Kamunikat.org выдаў у Беластоку больш за 10 яго кніг Уладзіміра Арлова. З прэзентацыяй гэтых кніг аўтар наведаў амаль 20 гарадоў у Польшчы, Нямеччыне, Італіі і Літве.
Чытайце таксама:
Выйшла з друку кніга Сяргея Харэўскага пра Мінск у мастацтве