Гісторык: Падручнікі ад пракурораў — яшчэ адно звяно ланцужка дэградацыі беларускай сістэмы адукацыі
Аляксандр Пашкевіч лічыць з’яўленне дапаможнікаў для заняткаў для 1-11 класаў па генацыдзе беларускага народа цалкам лагічнай з’явай у новай беларускай рэальнасці. Але сумняваецца ў здольнасці пракурорскіх работнікаў захапіць сваімі творамі новае пакаленне беларусаў.
16.11.2023 / 07:54
Аляксандр Пашкевіч
14 лістапада Генеральная пракуратура і Міністэрства адукацыі прэзентавалі тры дапаможнікі для заняткаў. У новым навучальным годзе школьнікі будуць вывучаць генацыд беларускага народа з 1 да 11 класа. Гісторык Аляксандр Пашкевіч у інтэрв’ю Budzma.org разважае пра педагогіку ад пракурораў і чарговае папаўненне спісу экстрэмісцкай літаратуры.
Лагічна і кур’ёзна
Цалкам зразумела, чаму і для чаго гэта робіцца. Ідзе палітычная кампанія, тэму так званага генацыду беларускага народа курыруе Генпракуратура пад кіраўніцтвам Андрэя Шведа, адкрыта крымінальная справа. Уся беларуская інфармацыйная прастора запоўнена гэтым усім, пастаянна нейкія інфармацыйныя нагоды даюць, нейкія мерапрыемствы праводзяць. І натуральна, што сістэма адукацыі, якая цалкам у нас падкантрольная дзяржаве, не можа быць ад гэтага вольная. Хутчэй, нават, лагічна, што гэтыя падручнікі з’явіліся. Нагадаю, у практыцы рэжыму Лукашэнкі гэта не першы такі ход, калісьці былі падручнікі на ўсіх узроўнях — ад школ да ВНУ — па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер, бачым, гэтая практыка перанесеная на больш вузкую тэматыку, хаця і падобную.
Дзівіць, што праўда, і крыху кур’ёзна нават выглядае, што пра генацыд будуць гаварыць з першага класа, з дзецьмі, якія і чытаць-пісаць не ўсе яшчэ навучыліся, яны толькі элементарныя веды засвойваюць, а ім збіраюцца піхаць ужо генацыд беларускага народа, што яўна зарана, ды яшчэ ў такім аб’ёме і ў такой форме падачы.
Яшчэ адно звяно ланцужка дэградацыі
Я не схільны ні перабольшваць, ні прымяншаць уплыў гэтай усёй прадукцыі. Як і ўсяго таго, што адбывалася перад гэтым, а мы ведаем, што пасля 2020 года школы актыўна наведваюць пракурорскія работнікі, праводзяць гутаркі з дзецьмі, нават на ўзроўні дзіцячых садкоў — шмат у дзяржаўнай прэсе было такіх справаздач. Яны, вядома, імкнуцца, калі не якасна гэта ўсё рабіць, то хаця б колькасна ахапіць. Але, вядома, немагчыма проста так узяць і захапіць дзіця тым, што яму нецікава. Тут жа важна, каб прадукт адпавядаў чаканням дзяцей і моладзі, важна, наколькі прадукт арыентаваны на іх спосаб мыслення. А ён, гэты спосаб мыслення сённяшніх дзяцей і моладзі, вядома, адрозніваецца ад спосабу мыслення пакалення пракурора Шведа і ягоных паплечнікаў.
Я паглядзеў спіс складальнікаў гэтых падручнікаў, іх пяцёра, трое — з пракуратуры і дзве супрацоўніцы Нацыянальнага інстытута адукацыі. Пракурорскі складнік вельмі заўважаецца нават па танальнасці гэтых падручнікаў, па мове, па фармулёўках. Думаю, гэта не будзе натхняць дзяцей, каб вельмі ўважліва гэтыя падручнікі чытаць і ўспрымаць.
Гэта, вядома, вельмі кепска, што такое з’яўляецца, кепска, што гэта прафануе нашу сістэму адукацыі. Яна і так са многіх прычын цяпер дэградуе, у тым ліку з-за звальненняў многіх прафесіяналаў, зменаў у праграмах, з-за актыўнага запіхвання ў школы гэтай дзяржаўнай ідэалогіі. А гэтыя падручнікі — адно з тых звёнаў, якія на дэградацыю сістэмы адукацыі ўплываюць. Але сам па сабе новы падручнік як такі, думаю, наўрад ці кардынальна паўплывае на фармаванне новага пакалення. Важна не наяўнасць падручніка, а як ён успрымаецца. Прасякнуцца зместам гэтых твораў вельмі цяжка. Такія рэчы не робяцца так прамалінейна. Мне здаецца, гэты падручнік наўрад ці зможа асабліва кагосьці запаліць ідэямі.
Найбольшая шкода і небяспека будуць, на маю думку, калі дзяржаўныя прапагандысты асвояць падыходы да дзяцей не праз падручнікі, напісаныя пракурорамі старасвецкімі метадамі, а праз нейкія гаджэты, камп'ютарныя гульні, сеткавыя платформы.
У расейскіх прапагандыстаў куды большыя поспехі на гэтай глебе, бо ёсць і нейкая свая ідэалогія — тая ж імперская ідэя свая. І тое, што да нас ідзе з Усходу, мае куды большы ўплыў, куды большую небяспеку, бо зроблена з большым прафесіяналізмам і з большай арыентацыяй на запыты дзяцей і моладзі. У нас жа гэта ўсё працягваюць рабіць людзі вельмі далёкія ад педагогікі, дзіцячай псіхалогіі і г. д. Гэтыя падручнікі не выключэнне з шэрагу замшэла-кандовай прадукцыі, што і ўплывае на іх магчымасці. На некага, магчыма, і паўплывае, але сумнеўна, што цэлае пакаленне здольнае выхавацца на гэтай прадукцыі генпракуратуры.
Атака «рускага свету» і працяг насаджэння страху ў грамадства
Што да другой гучнай падзеі 14 лістапада — двухтомнік твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прызнаны экстрэмісцкім — то тут гэта ўжо справа прыхільнікаў «рускага свету» накшталт Бондаравай і да яе падобных, якія атрымалі пэўны карт-бланш у свае рукі. Бачна, што пад іх увагу трапляюць творы, у якіх ёсць нейкія антырасейскія наратывы, згадваецца слова «маскаль», якое яны лічаць абразлівым.
Адначасова ідзе накат на нацыянальную літаратуру, якую шануюць апаненты рэжыму. Спачатку наступствы даносаў былі адзінкавымі, а цяпер ужо бачым характар узгодненай кампаніі. Думаю, Дунін-Марцінкевіч не апошняя ахвяра прыхільнікаў «рускага свету». Вось ужо і на Уладзіслава Сыракомлю даносы пайшлі.
Вядома, гэта нярадасная тэндэнцыя. Мала што зразумела, але, пэўна, нельга будзе зборнікі Дуніна-Марцінкевіча і ў бібліятэках трымаць, і ў сябе дома. А ў гэтым двухтомніку, фактычна, змешчаная ўся літаратурная спадчына Дуніна-Марцінкевіча, то-бок вынікае, што ён сам цалкам будзе забаронены? І гэта пры тым, што яго імем названыя вуліцы, тэатр у Бабруйску, помнік стаіць у Мінску, — з гэтым што яны збіраюцца рабіць?
Адно відавочна: нацыянальная беларуская літаратура апынулася пад вялікай пагрозай з-за гэтай кампаніі, калі нешта рандомна бярэцца і аб’яўляецца экстрэмісцкім. Адна з галоўных мэтаў, як і ў шмат якіх дзеяннях улады апошняга часу, гэта проста пасеяць страх у грамадстве, каб людзі засцерагаліся цікавіцца нацыянальнай літаратурай, чытаць яе, мець дома і г. д.
Гісторыкам і літаратуразнаўцам у Беларусі пакуль застаецца толькі самазахоўвацца
Безумоўна, гістарычная навука, літаратуразнаўства — гэта зараз такое міннае поле. Бо ніхто не ведае і не разумее логікі гэтага ўсяго. Цяпер фактычна адмененыя ўсе правілы, цяпер любы суд ці нават міліцыянт можа прыняць пэўнае рашэнне, і ты не зможаш нічога даказаць, ніяк не зможаш абараніцца.
У такой сітуацыі немагчыма супрацьдзейнічаць і пратэставаць. Нязгодным застаецца толькі легчы на дно (тым, хто застаўся ў краіне) і нешта сваё рабіць ціхенька і не высоўваючыся. Вядома, няма і гаворкі, каб людзі, якія засталіся ў Беларусі, маглі неяк узгоднена пратэставаць супраць тых жа спісаў экстрэмістаў з беларускіх пісьменнікаў ці чагосьці яшчэ. Проста няма механізмаў, законы не працуюць — толькі нашкодзіш сабе. Натуральная з’ява для такіх рэжымаў.
Таму не трэба асуджаць тых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі і маўчаць. Яны маўчаць не таму, што згодныя з рэжымам ці ён іх задавальняе. Наадварот, думаю, многія з іх абураныя, але сёння няма магчымасці супрацьстаяць яўна.
Чытайце таксама:
У Мінску прэзентавалі школьныя падручнікі па «генацыдзе беларускага народа»
На суботніках у Гомельскай вобласці збіралі грошы на помнік «генацыду беларускага народа»