Завяршылі сезон раскопак гарадзішча на Менцы, дрэва хаваюць пад салому
У гэтым сезоне археолагі з Інстытута гісторыі Акадэміі навук змаглі знайсці і вывучыць драўляныя канструкцыі ў аснове вала гарадзішча на рацэ Менцы. Цяпер жа ўсе драўляныя клеці накрываюцца саломай, якая паслужыць натуральным кансервантам для драўніны. Затым усю плошчу раскопу накрыюць плёнкай і прысыплюць грунтам, піша Sputnik.
15.11.2023 / 17:56
Скрыншот з відэа
Дзякуючы сваім уласцівасцям, салома не дасць дрэву прамерзнуць зімой. А ўвесну, як толькі надвор'е дазволіць, гісторыкі працягнуць вывучэнне археалагічнага помніка.
Кіруе работамі загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч, прафесійным навукоўцам дапамагаюць валанцёры.
Мэта даследаванняў на гарадзішчы — паставіць кропку ў навуковай дыскусіі аб тым, дзе з'явіўся летапісны Менск — на Нямізе ці на Менцы. Для гэтага патрэбна дакладнае датаванне, якое можна зрабіць дзякуючы дэндрахраналагічнаму аналізу.
Вывучыць спіл з драўніны, якой можа быць больш за тысячу гадоў, могуць спецыялісты Інстытута батанікі Акадэміі навук. Праўда, пакуль яны спрабавалі наладзіць бензапілу, археолагі з Інстытута гісторыі зрабілі гэта звыклым чынам — пры дапамозе ручной пілы.
Усяго трэба зрабіць каля 50 такіх спілаў, каб атрымаць поўны камплект для далейшага вывучэння і аналізу.
Чытайце таксама:
У Мінкульце расказалі пра далейшыя планы рэстаўрацыі і ўзнаўлення Крэўскага і Гальшанскага замкаў