Што будзе з таксі «Яндэкс» пасля новага ўказу аб перавозчыках
На нарадзе ў Лукашэнкі па праекце ўказа, які рэгулюе сферу аўтамабільных перавозак пасажыраў, 15 лістапада абмяркоўвалі будучыню інтэрнэт-агрэгатараў таксі. Той выказаўся адназначна: замежныя кампаніі змогуць працягнуць працу ў Беларусі, зарэгістраваўшы тут юрыдычную асобу і размясціўшы серверы на тэрыторыі нашай краіны ўжо «да новага года».
15.11.2023 / 15:39
Office Life спытаў у аднаго з найбуйнейшых гульцоў рынка, «Яндэкс Go», як паўплываюць на яго працу новыя патрабаванні.
— Мы адпавядаем заяўленым патрабаванням: доступ да сэрвісу «Яндэкс Go» у Беларусі даўно даецца беларускай юрыдычнай асобай, а інфармацыйны рэсурс знаходзіцца ў нацыянальным сегменце інтэрнэту і прайшоў адпаведную рэгістрацыю, — паведамілі ў «Яндэкс Go».
У кампаніі адзначылі, што заканадаўства павінна быць актуальным і спрыяць развіццю сферы перавозак у краіне, забяспечваючы працоўныя месцы, а таксама даступнасць перавозак для кожнага пасажыра.
— Раней мы прапаноўвалі сваё бачанне рэгулявання сферы. Часткова яно супадае з агучанымі патрабаваннямі. І мы гатовыя ўдзельнічаць у далейшай распрацоўцы, ужываючы свой міжнародны вопыт.
У Беларусі сэрвіс пастаянна працуе над пытаннямі бяспекі вадзіцеляў і пасажыраў. Напрыклад, у вадзіцельскім дадатку ёсць сістэмы анлайн– і афлайн-верыфікацыі дакументаў, тэхналогіі маніторынгу хуткасці і стылю кіравання пры выкананні заказаў, а таксама бясплатная праграма дадатковага страхавання кіроўцаў і пасажыраў.
Учора ва ўрадзе ўдакладнілі, што новы ўказ павінен запрацаваць з другога паўгоддзя 2024 года.
Чытайце таксама:
«Крок налева, крок направа». Лукашэнка выказаўся пра пасажырскія перавозкі
КДБ завёў новую маштабную справу — цяпер супраць маршрутчыкаў. Затрымалі 20 чалавек
«Уключаліся шляхам шантажу і пагроз». Па справе маршрутчыкаў КДБ узяўся за агрэгатар «Атлас»