«Там мы з дзядулем капалі бульбу, збіралі вішні і баяліся бабулю». Беларусы вырабляюць маленькія копіі вясковых хатак

Майстры з Мінска робяць мініяцюрныя хаткі, каб дапамагчы беларусам захаваць цёплыя ўспаміны пра дзяцінства на вёсцы.

13.11.2023 / 21:37

Фота з інстаграму tiny_rooms_by

«У мяне ёсць любімы домік у вёсцы, які апусцеў з сыходам бабулі, жыць там больш няма каму і яго хутка прададуць. А там столькі маёй душы…» — вось з такімі просьбамі звяртаюцца да майстроў-мініяцюрыстаў Сняжаны і Аляксея. Працэс узнаўлення хаткі ў маштабе 1:18 яны паказваюць у сваім акаўнце ў інстаграме.

Майстры імкнуцца зрабіць усё так, каб потым па фота складана было зразумець, дзе сапраўдная хатка, а дзе яе міні-копія. Тое, наколькі дэталізаванымі атрымліваюцца домікі, вельмі ўражвае. Мастакі ўлічваюць нават такіх дробязі, як пацёртае покрыва на канапе, калаж з маленечкіх фотаздымкаў на сцяне, тыповы посуд у шафе… Шпалеры паклееныя палосамі, а дошкі састараныя — дзесьці нават фарба аблупілася. Нават асвятленне ў хатках працоўнае: можна ўключаць і выключаць маленькія жырандолі — дакладныя копіі тых, якія шмат у каго былі ў савецкія гады.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Миниатюра|| Минск|| Снежана и Алексей (@tiny_rooms_by)

У сторыс майстры распавядаюць, што ніколі не шукаюць простых варыянтаў. Напрыклад, тыя ж шпалеры было б прасцей раздрукаваць з разлікам адзін ліст на адну сцяну. Але ж тады не будзе бачна стыкаў — таму мініяцюрысты спачатку робяць трубкі шпалер, а потым як у рэальным жыцці: адмяраюць неабходную даўжыню кожнай палоскі і па чарзе клеяць, сочачы за тым, каб малюнак супадаў. Кожную дзеравяку акуратна выпілоўваюць, а то і выразаюць з дапамогай канцылярскага нажа.

Часам кліенты не толькі дасылаюць фота хаткі, але і апісваюць успаміны, якія з ёй звязаныя:

«Мой домік знаходзіцца ў вельмі ўсходнім месцы Беларусі. Там яго пабудавалі мой прадзед і мой дзядуля прыкладна семдзесят гадоў таму. Дзядуля з бабуляй пражылі ў ім усё сумеснае жыццё. Я заўсёды была вельмі прывязаная да гэтага месца. Там прайшло маё дваровае дзяцінства. Там я палюбіла прыроду. Там мы з дзядулем капалі бульбу, збіралі вішні і баяліся бабулю».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Миниатюра|| Минск|| Снежана и Алексей (@tiny_rooms_by)

У сацсетках Сняжана распавядае, што займацца мініяцюрамі яна пачала каля чатырох гадоў таму. А потым яе муж вырашыў падзяліць з жонкай яе хобі. Як атрымалася ўгаварыць мужчыну займацца «цацкамі»? Сняжана кажа, што ён проста бачыў палаючыя вочы і сам захацеў падтрымаць новае захапленне каханай жанчыны.

«Паколькі ён даволі флегматычны, такое хобі яму падышло. Яго нічога на свеце не выведзе з сябе (нават я ў самых жудасных момантах), ён можа гадзінамі рабіць манатонную працу, а потым спакойна пачаць нанова, калі неабходна. Ідэальна для мініяцюрыста, я лічу, — распавядае ў посце Сняжана.

— Калі ён зрабіў сваю першую шафу, я зразумела, што мне тут рабіць няма чаго. Першая праца была занадта добрая. Я да таго моманту ўжо шмат усяго зрабіла, і ўсё зараз падавалася несур'ёзным. Прыйшлося старацца яшчэ больш».

Сняжана лічыць, што творчы працэс залежыць у роўнай ступені ад яе і мужа. Яны дапаўняюць адно аднаго. Жанчына перакананая: калі нехта з іх дваіх вырашыць усё кінуць, то мініяцюрных шэдэўраў больш не будзе.

На тое, каб зрабіць міні-хатку, трэба ў сярэднім ад двух тыдняў да трох месяцаў. Майстры кажуць, што ніколі не працуюць, калі няма настрою, сілаў ці яны вельмі стаміліся. Тлумачаць гэта так: «Бо гэта ручная праца. Мы ў адказе за энергію, якой напаўняем хаткі».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Миниатюра|| Минск|| Снежана и Алексей (@tiny_rooms_by)

Прыкладны кошт хаткі падлічыць складана, бо шмат чаго залежыць ад таго, наколькі дэталізаваную працу хоча атрымаць кліент. Напрыклад, надрукаваць на тканіне патрэбны ўзор пакрывала (каб было дакладна, як у рэальным жыцці) каштуе 24 рублі — і гэта за маленечкі кавалачак.

Майстры ў каментарыях адказваюць патэнцыйным заказчыкам, што арыентавацца можна на суму 450 рублёў за хатку, але гэта вельмі і вельмі прыблізна. Але, мяркуючы па водгуках, яно таго вартае: нехта параўноўвае замову з сеансам псіхатэрапіі.

«Дзякуй не толькі за бясцэнны для мяне домік, але і за магчымасць падзяліць яго гісторыю з тымі, хто ўклаў столькі сэрца ў яго мініяцюрную копію. Напісаць аб гэтым і быць пачутай — свайго роду тэрапія пражывання страты. Я адчуваю шчасце і боль адначасова».

Чытайце таксама:

Беларуская майстрыха ў Вільні стварае бчб-упрыгожанні, а палову прыбытку данаціць Палку Каліноўскага

«Самае складанае і цікавае — роспіс тварыкаў». Беларуска стварае з ваты душэўныя калядныя цацкі

«Паўтарыць свой жа шэдэўр кропля ў кроплю проста немагчыма». Беларуска робіць салодкія букеты, якія не адрозніш ад сапраўдных

Ганна Стафановіч