Беларускі фатограф прыляцеў у Ісландыю здымаць вяселле — а там чакаюць вывяржэння вулкана

Беларускі фатограф Руслан Серадзюк прыляцеў на ісландскі паўвостраў Рэйк'янес здымаць вяселле. Але праз актыўнасць вулкана ў краіне цяпер увялі надзвычайнае становішча. «Хацелася б зрабіць прыгожыя кадры, раз апынуўся тут».

11.11.2023 / 20:05

Руслан Серадзюк. Фота: Daniel Anohin

Паўвостраў Рэйк'янес знаходзіцца на паўднёвым захадзе Ісландыі. Гэта 30 кіламетраў ад сталіцы Рэйк'явік. Недалёка — вядомы тэрмальны курорт «Блакітная лагуна», цяпер праезд да яго зачынены.

З пачатку кастрычніка ў рэгіёне, дзе апынуўся хлопец, было зафіксавана больш за 24 тысячы землятрусаў, але штуршкі малой амплітуды — не рэдкая з'ява для краіны. У Ісландыі налічваецца 33 дзеючыя вулканічныя сістэмы, якія ўплываюць на тэктанічную актыўнасць.

Праезд да курорта «Блакітная лагуна» зачынены, 10 лістапада 2023 года. Фота: Raul Moreno / SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Аднак 10 лістапада актыўнасць узрасла: толькі за адны суткі ў раёне Рэйк'янес было зафіксавана амаль 800 штуршкоў. Паводле звестак Метэаралагічнага ўпраўлення Ісландыі, сіла землятрусу месцамі складала 5,2 бала па шкале Рыхтара. У момант пікавай актыўнасці Руслан знаходзіўся недалёка ад эпіцэнтра:

«Учора ўвечары прыкметна трэсла. Трэсліся сцены, рэчы дрыжэлі. Я адчуваў штуршкі, але, вядома, яны былі не такія моцныя, як у горадзе».

Неўзабаве ўлады краіны аб'явілі аб увядзенні надзвычайнага становішча.

Метэаралагічнае ўпраўленне папярэджвае, што вулкан можа прачнуцца ўжо праз некалькі дзён. Навукоўцы асцерагаюцца, што магма дасягне прыбярэжнага горада Грындавік, насельніцтва якога складае каля 4 тысяч чалавек. Побач з ім зараз і знаходзіцца Руслан.

Нягледзячы на гэта, панікі на паўвостраве атрымоўваецца пазбегнуць. «Тут не страшна. Тут і мясцовыя не моцна перажываюць. Будынкі не ўпадуць», — кажа фатограф.

Па словах Руслана, улады краіны трымаюць сітуацыю пад кантролем і ўвесь час манітораць сейсмічную актыўнасць. Сам хлопец ставіцца да таго, што адбываецца, з доляй пазітыву:

«Калі вывяржэнне будзе сёння-заўтра, то буду здымаць і застануся ў Ісландыі на пару дзён. Хацелася б зрабіць прыгожыя кадры, раз апынуўся тут. Шмат фатографаў прыляцела і чакаюць вывяржэння».

Па паведамленнях Reuters, улады Ісландыі ўжо завяршылі эвакуацыю жыхароў з небяспечнага рэгіёна.

З пачатку 2021 года на паўвостраве Рэйк'янес былі зафіксаваны тры вывяржэнні: у сакавіку 2021 года, жніўні 2022 года і ліпені 2023 года, але тады шкоды інфраструктуры або населеным пунктам зафіксавана не было. 

Чытайце таксама:

Гэта легендарнае фота з пратэстаў вы дакладна бачылі. Вялікае інтэрв’ю з яго аўтарам, якога эвакуявалі з Беларусі. «Павінен быў здымаць 9 жніўня вяселле сілавіка»

Кацярына Гардзеева