Карл Маркс сустракае Канфуцыя
Заходзяць неяк у бар Карл Маркс і Канфуцый… Так мог бы пачынацца анекдот, але сітуацыя стала рэчаіснасцю ў сённяшнім Кітаі. «Гіганты думкі» хоць і жылі, мажліва, з розніцай у 2400 гадоў, але на кітайскім дзяржаўным тэлебачанні яны вось так проста разам шпацыруюць па старажытнай кітайскай акадэміі ў новым тэлешоу, якое ставіць іх у цэнтр сучаснай кітайскай культуры.
12.11.2023 / 20:52
Выява: Weibo
У залітым сонцам бамбукавым гаі група студэнтаў-мастакоў запрашае двух мысляроў папазіраваць у якасці мадэляў. І пакуль моладзь малюе, Карл Генрыхавіч і Кун Цю (імя Канфуцыя пры нараджэнні) балакаюць пра сёе-тое. Напрыклад, іх уражваюць, вядома, кітайскія хуткасныя цягнікі.
Калі ж філосафы бачаць нарэшце свае партрэты, то можна заўважыць іх здзіўленне. Маркс намаляваны ў мантыі дынастыі Тан, а Канфуцый намаляваны ў заходнім касцюме і гальштуку. Але абодва ў захапленні! «Я ў Кітаі больш за сто гадоў», — кажа Маркс на кітайскай мове. — «Насамрэч, я даўно кітаец». Канфуцый хіхікае, пагладжваючы бараду. Ён кажа, што доўгія валасы выглядаюць трохі дзіўна з касцюмам, але ёсць сэнс працягваць змены.
Гэта толькі адна сцэна з тэлесерыяла «Калі Маркс сустрэў Канфуцыя», якую апісвае The Economist. Серыял створаны аддзелам прапаганды правінцыі Хунань і выпушчаны ў кастрычніку.
Як тлумачыць выданне Bitter Winter, каб зразумець фільм, трэба ўлічваць два моманты. Па-першае, гэта піяр самога Сі Цзіньпіна, які ў 2020 годзе асабіста наведаў Акадэмію Юэлу (Yuelu Academy), заснаваную ў 976 годзе як цэнтр канфуцыянскай культуры. Дарэчы, гэта адзін з найстарэйшых цэнтраў вышэйшай адукацыі ў свеце.
Па-другое, прасоўванне тым жа спадаром Сі апавядання пісьменніка-камуніста Го Маро (Guo Moruo) «Маркс уваходзіць у канфуцыянскі храм», апублікаванага ў 1925 годзе. У гэтым апавяданні Маркс сустракаецца з Канфуцыем, і яны ў выніку пагаджаюцца, што камунізм у прынцыпе сумяшчальны з канфуцыянствам.
Сі Цзіньпін (злева) / Фота: Suo Takekuma-Pool/Getty Images
Прапагандысцкая канферэнцыя ў пачатку кастрычніка, на якой прэзентавалі тэлесерыял, мела на мэце ўзвялічванне «Думкі Сі Цзіньпіна аб культуры» — новай серыі бясконцага серыяла «Думак Сі Цзіньпіна аб…», які мае на мэце паказаць, што кіраўнік Кітая разбіраецца ва ўсім на свеце.
«Думка Сі Цзіньпіна аб культуры» відавочна спрабуе скрыжаваць кітайскі нацыянальны гонар з лаяльнасцю да кампартыі. Спробы спалучыць канфуцыянства з марксізмам робяцца ўжо не першае дзесяцігоддзе. Такая ідэалагічная гнуткасць дазволіла Дэн Сяапіну, былому кіраўніку Кітая, правесці эканамічныя рэформы ў 1980-я гады. Цяпер спадар Сі працягвае гэтыя спробы зрабіць марксізм больш кітайскім, адаптаваўшы яго пад «спецыфічную» рэчаіснасць Кітая.
Гэта пры тым, што раней Камуністычная партыя разглядала традыцыю сваім ворагам. Падчас «культурнай рэвалюцыі» 1966—76 гадоў хунвэйбіны Маа Цзэдуна разбуралі канфуцыянскія храмы, палілі канфуцыянскія тэксты і нават апаганілі магілу мысляра. Маладыя камуністы тады падвяргалі ветэранаў партыі астракізму, супярэчачы тым самым аднаму з асноўных акцэнтаў канфуцыянства — павазе да бацькоў.
Пасля смерці Маа ў 1976 годзе партыя Канфуцыя рэабілітавала — прынамсі, у спрошчанай версіі яго вучэння, якая робіць упор на павагу да ўлады. Дэн дазволіў публічнае святкаванне дня нараджэння філосафа. Пераемнікі Дэна перанялі канфуцыянскія ідэі: напрыклад, у пачатку 2000-х гадоў кітайскія навукоўцы нават абмяркоўвалі, ці можа канфуцыянства замяніць марксізм у якасці кіроўнай ідэалогіі Кітая.
Сёння Сі нібыта ставіць кропку ў гэтай дыскусіі, называючы марксізм «душой», а канфуцыянства — «коранем» кітайскай культуры. Ні ад адной, ні ад другой ідэалогіі нельга адмаўляцца — замест гэтага іх трэба паяднаць.
«Калі Маркс сустрэў Канфуцыя» падводзіць гледачоў да гэтага новага мыслення. На працягу большай часткі пяці 30-хвілінных серый філосафы сядзяць на сцэне перад студэнтамі і зменным складам навукоўцаў і партыйных чыноўнікаў. Пакуль маладая жанчына ў традыцыйным адзенні на заднім плане грае на гучжэне (старажытным музычным інструменце), філосафы размаўляюць з галаграмамі такіх асоб, як Уладзімір Ленін і Маа, якія тлумачаць спалучальнасць іх мыслення. Пасля вядоўцы праграмы тлумачаць, як усё гэта ўпісваецца ў «Думку» Сі Цзіньпіна.
У. І. Ульянаў нагадвае, што ад феадальных перажыткаў трэба пазбаўляцца / Выява: Weibo
Шоу замоўчвае, аднак, вялікія адрозненні паміж Канфуцыем (які лічыў, што іерархіі неабходныя для падтрымання грамадскага парадку) і Марксам (які заклікаў да пралетарскай рэвалюцыі). «Вы спрабавалі захаваць стабільнасць, а я імкнуўся да вызвалення ўсяго чалавецтва, — кажа Маркс. — Але хіба мы абодва не імкнемся да найвялікшага дабра для ўсіх людзей?»
Калі Маркс згадвае сваё бачанне бяскласавага грамадства, Канфуцый кажа, што ў яго ёсць параўнальная канцэпцыя пад назвай «datong» (вялікае адзінства). «Такім чынам, у нас шмат падабенства!» — кажа Канфуцый.
Вучні апладуюць.
Згадваецца і сумна вядомая «культурная рэвалюцыя» — адзін раз. Гэта нанесла «вялікую шкоду», кажа вядучы. Але Маа не прызнае віны. У нейкі момант з'яўляецца ягоны дух, які запэўнівае Маркса і Канфуцыя, што ён быў верным камуністам і абаронцам традыцыйнай кітайскай культуры. Канфуцый ухвальна ківае.
Большая частка шоу прысвечаная крытыцы Захаду. Вядучы вінаваціць Захад у здзеках з Кітая ў ХІХ стагоддзі, называючы гэта прычынай «доўгатэрміновага комплексу культурнай непаўнавартасці». А эпоха пачатку рэформаў 1980-х гадоў запомнілася як небяспечны перыяд «гістарычнага нігілізму», калі заходнія ідэі ўвялі кітайскі народ у зман з мэтай крытыкі свайго грамадства і ўрада. «Ці можа краіна стаць моцнай, калі яе эканоміка развіваецца, але губляецца дух?» — пытаецца вядучы, цытуючы спадара Сі. Вядома, не!
Такім чынам, таварыш Сі не толькі аднаўляе ўпэўненасць Кітая ў сабе, але — у адрозненне ад гадкага Захаду — таксама імкнецца разам з партыяй да дабра ўсіх ва ўсім свеце, гаворыцца ў шоу. Амерыка экспартуе касетныя бомбы, а Японія скідвае воды з Фукусімы ў акіян, расказвае вядучы. Кітай жа — «адказная вялікая дзяржава» і ніколі не будзе рабіць такога, дадае ён.
Маркс уражаны. Ён віншуе Кітай з адраджэннем сацыялізму і ажыццяўленнем яго ідэй.
З шоу «Калі Маркс сустрэў Канфуцыя» лёгка іранізаваць, але некаторыя яго наратывы выклікаюць вялікую трывогу.
У апошняй серыі студэнт пытаецца ў Канфуцыя парады наконт Тайваня. «У нас сапраўды традыцыйная культура міру, але некаторыя заходнія краіны вераць толькі ў закон джунгляў, — кажа студэнт. — Калі яны здзекваюцца з нас або перашкаджаюць нашаму нацыянальнаму ўз'яднанню, ці павінны мы гаварыць з імі аб міры?» Канфуцый хмурыць бровы. На дабро трэба адказваць дабром, а на нянавісць — справядлівасцю, кажа філосаф. Кітай імкнецца да міру, але калі яго годнасць і інтарэсы будуць закранутыя, ён будзе выкарыстоўваць ваенную сілу для дасягнення нацыянальнага аб'яднання, кажа ён. Выявы знішчальнікаў і вайсковых караблёў запаўняюць экран.
Чытайце таксама:
Амерыканскі генерал заклікаў падначаленых рыхтавацца да вайны з Кітаем у 2025 годзе
Для гэтай азіяцкай краіны вельмі важны вопыт украінскага супраціву. Вось чаму
Геапалітычная гульня Кітая: якую ролю выконваюць Пуцін і Лукашэнка?