Палітвязень-журналіст Алесь Любянчук пакутуе ў калоніі ад хваробы хрыбта

Былога журналіста «Белсата» Алеся Любенчука асудзілі за нібыта стварэнне экстрэмісцкай арганізацыі на тры гады зняволення і трымаюць у калоніі № 15 пад Магілёвам.

08.11.2023 / 07:57

Алесь Любянчук. Фота: БелаПАН

Яшчэ ў 2022 годзе, у мінскім СІЗА, у палітвязня абвастрылася хвароба хрыбта, і цяпер гэта для яго самае праблемнае пытанне, расказала «Радыё Свабода» пра Любенчука дасведчаная крыніца.

«Наколькі можна меркаваць, яму цяжка займацца нават спортам, чым там усе ратуюцца. Гэта яго заўважна засмучае», — кажа крыніца.

Працуе Алесь Любянчук на ачыстцы дратоў ад ізаляцыі. «Прызнаваўся, што праца гэтая цяжкая і шкодная для здароўя, але даводзіцца трываць», — паведаміла крыніца.

Пакуль Алесь Любянчук быў у СІЗА на Валадарскага, ён шмат чытаў. Тады, паводле суразмоўцы, за чатыры месяцы ён прачытаў больш за 50 кніг.

«Мяркую, у калоніі ён таксама працягвае шмат чытаць, бо вельмі любіць гэты занятак. А там бібліятэка неблагая, ёсць добрая мастацкая літаратура і падручнікі для саманавучання», — кажа крыніца «Свабоды».

У траўні 2022 года Алесь Любянчук жыў у вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна. Акрамя журналістыкі, займаўся дабрачыннай дзейнасцю, а галоўным хобі Любенчука быў водны турызм.

«Ён вельмі любіў сплаўляцца па беларускіх рэках, займаецца гэтым ужо каля 10 гадоў. На байдарцы па Бярэзіне, па Нёмане сплаўляўся ў складзе як малых, так і вялікіх групаў. У апошнія гады ягоным улюбёным маршрутам стала рэчка Гаўя, якая цячэ праз Іўеўскі раён у Нёман. Бачна па ягоных лістах, па тым, як ён сумуе па прыродзе, па рэчках, што гэтая мара — зноў сплавіцца па Гаўі ў Нёман — яго не пакідае. Спадзяёмся, гэтак і будзе», — мяркуе крыніца, абазнаная ў справах палітвязня Алеся Любенчука.

На волю Алесь Любянчук мае выйсці ў студзені 2025 года. Беларускія праваабаронцы прызналі журналіста Любенчука палітвязнем.

Адрас для падтрымкі: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Аляксандр Мікалаевіч Любянчук

Чытайце таксама:

Паляшук з хітрынкай. Сябры і калегі — пра зняволенага журналіста Алеся Любенчука

«Праца на лесапілцы цяжкая, моцна схуднеў, куртка вісіць як парашут». Пра што палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык піша з калоніі

Гомельскага журналіста Андрэя Толчына вінавацяць у шкодзе інтарэсам нацыянальнай бяспекі

«Паглядзіце мне ў вочы». З'явіўся поўны тэкст апошняга слова рэдактара Манцэвіча

Nashaniva.com