«Праца на лесапілцы цяжкая, моцна схуднеў, куртка вісіць як парашут». Пра што палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык піша з калоніі
Палітзняволены журналіст «Свабоды» Андрэй Кузнечык, якога асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні», працуе ў Наваполацкай калоніі на лесапілцы. Колькасць прачытаных за кратамі за няпоўныя два гады кніг перасягнула сотню. Асабліва Андрэя ўразіла апавяданне «Вязень» Барыса Сачанкі, піша «Радыё Свабода».
Праца на лесапілцы цяжкая, палітвязень Кузнечык вельмі схуднеў, просіць даслаць на зіму новую куртку, на пару памераў меншую.
«Нечаканая навіна «з палёў». Апрануў год таму атрыманую ад вас куртку, а яна на мне як парашут. Трэба ўшываць і тулава, і рукавы. Мо вам прасцей мне даслаць, як такая нагода, лацвейшую? Выбачайце за познюю просьбу і дадатковыя выдаткі», — піша Андрэй у лісце сваякам.
«Запаўняю філалагічныя свае прагалы»
Андрэй працуе 6 дзён на тыдзень, у адзіны выходны піша сваякам лісты і чытае — з апошняга прачытаў Вячаслава Адамчыка, Барыса Сачанку. У некаторых творах пазнае сябе і свае думкі.
«Узяў «Год нулявы» Вячаслава Адамчыка, бацькі Адама Глобуса. Сюжэт у яго не тое каб нікуды не спяшаецца, а проста вязне ў батаніцы. Часам здаецца, што травы і кветкі больш галоўныя героі, чым персанажы. Затое мова смачная, не раўня сучаснікам з літаратурных часопісаў. Запаўняю філалагічныя свае прагалы», — прызнаецца Андрэй Кузнечык, філолаг па адукацыі, які шмат гадоў працаваў рэдактарам у вядучых незалежных СМІ.
Парадавала Андрэя і навіна пра пераклад на беларускую мову Хэмінгуэя і Фіцджэральда, хоць пад уплывам свежых чытацкіх уражанняў яму б хацелася, каб гэта была Айн Рэнд. (Маецца на ўвазе раман амерыканскай пісьменніцы Айн Рэнд «Атлант расправіў плечы». — РС).
«Цікава, што ў слоўніках, якія я знайшоў, ангельская дзеяслоўная частка назвы кнігі перакладаецца як «паціснуў» (плячыма). Гордае «расправіў» і недаўменнае «сцепануў» — цікавая гульня адценняў і задачкі для перакладчыка», — разважае Андрэй Кузнечык.
«Запала ў душу апавяданне «Вязень» Барыса Сачанкі»
Прачытаў Кузнечык раман «Чужое неба» Барыса Сачанкі, напісаны ў 1975 годзе. Кнігу ўзяў у бібліятэцы пасля публікацыі ў «Звяздзе» архіўнага даклада ЦК КПБ.
«Сачанка быў сярод тых, у каго выявілі хібы, памылкі, там яшчэ і Караткевіч згадваўся. Лепшай рэкамендацыі не прыдумаеш. Прозвішча я ведаў з навінаў майго юнацтва — здаецца, ён узначальваў «Беларускую энцыклапедыю» ў самыя плённыя часы. Спадабалася мова, шчырасць, нават па мерках сённяшняга часу. Шмат разважанняў супала з маімі, трошку вусцішнавата ад такіх суадносін, падумаўшы», — прызнаецца Андрэй.
Асабліва яму запала ў душу, «зрэзанавала» і «засугучнілася» апавяданне «Вязень».
«Там бацька едзе ў раён за 20 кіламетраў праз лес з ваўкамі на выклік да «органаў», якія падазраюць яго ў шпегаўстве, бо ён быў на прымусовых работах у Нямеччыне — і гэты бацька цягне з сабой малога, каб жонка была спакойная, што ён не заверне да маладзіцы, да якой яна яго раўнуе. Сын на холадзе сядзіць у парку, пакуль бацька, якога могуць і арыштаваць, ходзіць па кабінетах, і ў дзіцячым яго розуме столькі страхаў, што ў яго ногі ватнымі робяцца і ён ісці не можа. Хай сабе нядаўняя вайна, нялюдская сістэма, беды-нягоды, але ну дужа я быў злы на гэтых бацькоў. Хоць аўтар наўрад ці гэтага хацеў бы, бо гісторыя, наколькі я разумею, аўтабіяграфічная», — дзеліцца сваімі ўражаннямі аб прачытаным цяперашні палітвязень Андрэй Кузнечык.
«Душа захацела выгаварыцца, з ёй па восені бывае»
Сваім дзецям Андрэй піша новыя вершы, уважліва сочыць за новымі звычкамі дзетак, знаходзіць анекдоты для 9-гадовай дачкі Яніны, кшталту гэтых:
— Ты не магла б выйсці на працу ў нядзелю? — Добра, толькі ў нядзелю транспарт ходзіць вельмі рэдка. — А калі ты будзеш? — У панядзелак.
— У колькі ты павінен прыйсці? — У сем. — А цяпер? — Сем гадзін дзевяноста тры хвіліны.
Напісаў Андрэй і «дарослы» верш, але турбуецца, ці не надта ён выйшаў сумны і ці не падправіць яго. Раіцца з жонкай Алесяй, ці варта яго чытаць дзецям:
«Думаў пра прынагодна-жартаўлівы верш, а нарадзіўся сур’ёзны, крышку нават з калючых, з лёгкай гарчынкай і светлай «сумавінай». Значыць, душа захацела выгаварыцца, з ёй па восені бывае. І хоць засталіся і казачнасць, і чараўніцтва, вершык атрымаўся не толькі для Яніны і Мацвея, а мо і для цябе (мо нават і перш для цябе). Мо нават для Яніны ён сур’ёзны? Глядзі сама, ці чытаць», — разважае Андрэй.
Старэйшая дачка Яніна добра малюе, свае мастацкія творы дасылае бацьку. А ягоныя сябры нядаўна падарылі дзецям выяву драўлянага ката.
«Мухамор твой надзвычай прыгожы і прыцягальны. Яго мо таму і схавалі, каб дзеці не папанадкусвалі? І лялька твая мілая. А драўляны кот — як фантастычнае спраўджванне мары. З такіх чароўных момантаў і складаецца ўражанне пра шчаслівае дзяцінства, я мяркую. Відаць, у дзетак ёсць такія чароўныя падзеі, мне тут асабліва ўсцешна. І вялікі дзякуй майстру-віртуозу, вядома!» — піша Андрэй.
«Адкрыццё беларускамоўнага гуртковага цэнтра — нейкі цуд»
Палітвязень шчыра радуецца, калі даведваецца пра новыя беларускамоўныя ініцыятывы, якія працягваюць прарастаць. Жонка Кузнечыка Алеся з пачатку новага навучальнага года вядзе гурток для дзетак па вырабе лялек.
«Адкрыццё беларускамоўнага гуртковага цэнтру — нейкі цуд, які не ўпісваецца ў лінію сюжэту, дзе, як у Айн Рэнд, усё толькі ляціць пад адхон і, як у Стывена Кінга, з'ядаецца лангальерамі. Значыць, нешта прарастае? Значыць, ёсць нітачкі, за якія можна трымацца (ці якія трымаюць?) тут. І, наколькі я здагадаўся, у цябе будзе яшчэ менш вольнага часу? Спадзяюся, новы занятак будзе табе даспадобы? Шчыра радуюся і сардэчна віншую!» — піша ён.
Сваякі дасылаюць Андрэю шмат фатаздымкаў, каб ён бачыў, як растуць і сталеюць 9-гадовая дачка Яніна і 3-гадовы сын Мацвей.
«Якія ж экспрэсіўныя здымкі ў лісце!.. Фоткі шэдэўральныя, дзеткі — не налюбавацца! І падзеі ў вас — не засумуеш. Чаго толькі варты прыезд куранятак! Разумею, што за кадрам шмат клопатаў з непаседамі, але ўражанні свежыя і радасныя, цёплыя і сонечныя, як твае насычаныя летнім настроем фатаграфіі», — піша Кузнечык.
Каментары