Палітзняволеная Ларыса Шчыракова працуе ў калоніі швачкай
Праваабаронца Леанід Судаленка атрымаў новую інфармацыю пра палітзняволеную журналістку Ларысу Шчыракову, асуджаную ў жніўні да трох з паловай гадоў калоніі. Як піша Судаленка ў фэйсбуку, у гомельскай калоніі журналістка працуе швачкай.
01.11.2023 / 20:24
Ларыса Шчыракова на судзе
«На здароўе не скардзіцца, кажа, што з усімі там ужо пазнаёмілася. Перадае прывітанне і падзякі за падтрымку! Спадзяецца, што тэрмін да канца адбываць не давядзецца (жартуе, што ў яе планы гэта не ўваходзіць)…
Таксама Ларыса паведамляе, што адну вялікую перадачу (да 50 кг раз на тры месяцы) яна ўжо змагла атрымаць, у тым ліку з вельмі патрэбнымі ёй тамака рэчамі. Хоча хуткім часам атрымаць сутачнае (да 3-х сутак) спатканне з сынам», — напісаў Судаленка.
Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе доме ў Гомелі. Яе непаўналетняга сына змясцілі ў прытулак. Былы муж палітзняволенай, які апошнія гады жыў у Расіі, сабраў неабходныя дакументы і 23 снежня забраў Святаслава. Іншым сваякам хлопчыка не аддавалі.
Спачатку на Ларысу завялі крымінальную справу паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і змясцілі ў гомельскі СІЗА №3. 31 жніўня 2023 года ёй вынеслі прысуд — 3 з паловай гады калоніі.
Чытайце таксама:
Што Ларысу Шчыракову чакае ў калоніі
Як гомельская медсястра ўціраецца ў давер, а пасля даносіць на людзей
У палітзняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці