«Пачалі працэс закупкі матэрыялаў для друку». Ціханоўская расказала, як ідзе праца над новым беларускім пашпартам
Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале расказала, як цяпер ідзе праца над стварэннем «пашпарта новай Беларусі». Паводле яе, па гэтай праблеме ў яе Офіс беларусы пішуць амаль штодня, што сведчыць пра яе актуальнасць.
01.11.2023 / 17:09
Святлана Ціханоўская. Фота Офіса Ціханоўскай
«Цяпер мы на этапе вытворчасці першых узораў пашпарта. Мы пачалі працэс закупкі матэрыялаў для іх друку. Пасля таго, як будуць гатовыя першыя ўзоры, мы адправім іх урадам краін-партнёраў з прапановай прызнаць новы дакумент. Мы ўжо вядзем кансультацыі з замежнымі палітыкамі, інфармуем іх аб нашых дзеяннях і планах», — адзначыла Ціханоўская.
Таксама, паводле яе, цяпер вядзецца праца над стварэннем органа выдачы. Гэта структура, якая будзе займацца ўсімі этапамі выпуску пашпартоў — ад прыёму заявак і іх праверкі да друку пашпартоў і захоўвання даных.
Але, падкрэслівае дэмакратычная лідарка, гэты пашпарт у кожным выпадку не будзе замяняць неабходнасці легалізавацца ў кожнай краіне, і візы ды дазволы на жыхарства беларусам усё адно трэба будзе атрымліваць.
Пры гэтым Ціханоўская прызнае, што запуск вытворчасці і працэс прызнання новага беларускага пашпарта вельмі складаныя, тым больш што яе каманда ідзе першай гэтым шляхам не толькі ў сваёй краіне, але і ў свеце, а шматлікія тэхнічныя і юрыдычныя механізмы распрацоўваюцца практычна з нуля.
Чытайце таксама:
Беларуску з польскім праязным дакументам замежніка не пусцілі ў Грузію