Кніга XV стагоддзя, падарунак на вяселле і аўтограф Ніла Геймана. Падвялі вынікі конкурсу на самыя буйныя і цікавыя прыватныя бібліятэкі Беларусі
У Беларусі знайшліся фенаменальна вялікія прыватныя бібліятэкі з кніжнымі пакоямі, сярэднявечнымі артэфактамі і рэдкімі аўтографамі, піша Oz.by.
31.10.2023 / 20:44
Конкурс сярод уладальнікаў хатніх бібліятэк правяла гандлёвая сетка OZ да свайго 24-годдзя. Кнігалюбаў шукалі па ўсёй Беларусі.
Асабістыя бібліятэкі выставілі на конкурс больш за паўтысячы чалавек. Хтосьці атрымаў кніжныя калекцыі ў спадчыну, а для кагосьці гэта стала сэнсам жыцця. Многія падышлі да пытання вынаходліва, сталі збіраць кнігі адной тэматыкі: гістарычныя, дзіцячыя або фэнтэзі.
Паводле ўмоў, уладальнікі прыватных бібліятэк самі называлі колькасць кніг. Аднак для большай пэўнасці арганізатары пераправяралі звесткі і лічылі кнігі. Газеты і часопісы ў разлік не бралі.
Некаторыя бібліятэкі вылучылі за крэатыўны падыход і неардынарныя зборы.
«Маштабы прыватных бібліятэк, як і колькасць удзельнікаў, перасягнулі ўсе нашы чаканні. Некаторыя кватэры так застаўленыя кніжнымі шафамі, што тыя сталі ўжо не часткай, а ўсім інтэр'ерам. І што цікава, уладальнікі такіх велізарных збораў не проста захоўваюць кнігі як памяць, а сістэматызуюць іх, вядуць улік і перачытваюць. Нават у стагоддзе інтэрнэту яны здолелі захаваць запал да папяровых кніг, з якім жывём і мы з 1999 года. І так будзе і далей», — адзначаюць у сетцы OZ.
Хто ўзначаліў рэйтынг прыватных бібліятэк
Узначаліла рэйтынг прыватных бібліятэк Вольга Кляцко з Калодзішчаў пад Мінскам. Яе калекцыя налічвае 8708 кніг. Менавіта яна атрымае сертыфікат ад сеткі OZ на 1999 рублёў — па аналогіі з годам заснавання рэтэйлера.
Вольга збірае кнігі з 15 гадоў, а дакладней, з моманту свайго паступлення ў медвучылішча. Яе бібліяфільскі «стаж» — 32 гады.
Першую кнігу, набытую на стыпендыю, Вольга памятае дагэтуль. Гэта быў «Тартарэн з Тараскона» французскага раманіста Альфонса Дадэ. Не змагла ўстаяць перад вокладкай, успамінае пераможца.
Цяпер яе кватэра — гэта адна вялікая бібліятэка, у якой вакол кнігі. Стэлажы для іх зробленыя ўручную з сасновых дошак. Кнігі на паліцах расстаўленыя па рубрыках. Ёсць нават каталог, у які бібліяфіл скрупулёзна ўносіць новыя паступленні.
«Зразумела, далёка не ўсе з сабраных кніг мною прачытаныя, але я ўпарта працую над гэтым. Чытаю кожны дзень. Каб знайсці на гэта час, не гляджу тэлевізар і стараюся радзей браць у рукі тэлефон. Таму пра конкурс даведалася ад дачкі. Яна сказала, што ў мяне ёсць шанцы на перамогу. А я проста люблю кнігі як такія і люблю чытаць», — прызнаецца жанчына.
Чым дзіўная прыватная бібліятэка ў Гродне
Юрый Гарадзілаў любіць мемуары і захоплены даследаваннямі сусветных войнаў. У яго самая вялікая гістарычная бібліятэка сярод удзельнікаў конкурсу. Ён увайшоў у лік пяці прызёраў, якія атрымалі па 100 рублёў.
«Сваю першую кнігу купіў яшчэ ў 15 гадоў. Мне падабаюцца даследаванні аб Першай і Другой сусветных войнах, люблю мемуары. Па іх, вядома, гісторыю не вывучыш, кожны аўтар прыўносіў сваё, але для разумення кантэксту падыходзяць», — распавядае знаўца гісторыі блогу s13.ru.
У гродзенскім прыватным зборы — каля 4000 кніг толькі па гісторыі, іх колькасць імкліва расце.
«Збіўся з ліку, кожны месяц выдаткоўваў з пенсіі рублёў з 300-400, заказваю на розных сайтах, на OZ таксама. Вельмі хачу набыць апошняе выданне Пуанкарэ, яго разабралі проста з выдавецтва», — прызнаецца ўладальнік бібліятэкі.
Юрый Мікалаевіч каталог не вядзе, але выкарыстоўвае кніжныя знакі, якія засведчваюць уладальніка. Экслібрысы прастаўленыя пячаткай на пярэднім і заднім форзацах усіх кніжак.
«Што тычыцца экслібрысаў, то іх у мяне тры: прастаўляю на пярэднім і заднім форзацах. Ёсць яшчэ адзін з чымсьці накшталт сямейнага герба, штампую кнігі, якія дару. Месца ў кватэры становіцца ўсё менш. Мне кажуць: куды столькі, пара спыніцца. Па кватэры хаджу бачком. На некаторых паліцах кнігі ў тры-чатыры рады», — адзначае гродзенец.
Чым цікавыя іншыя кніжныя мегазборы
Вялікая бібліятэка і ў Аляксандра Самбукі з Гомеля. Ягоная калекцыя таксама ўражвае — каля 7500 кніг з рускай і замежнай класікай, а яшчэ навуковай літаратурай. Усё беражліва занесена ў каталог.
«Сваю бібліятэку збіраю без малога паўстагоддзя і вельмі ёй ганаруся. Прачытаў усе свае кнігі і магу пераказаць змест любой з іх. У мяне першая вышэйшая адукацыя — філалагічная, па ёй працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Адсюль і любоў да кніг», — расказвае Аляксандр Міхайлавіч.
Мінчук Максім Мілько бібліятэку атрымаў у спадчыну ад бацькі. Цяпер у ёй 2000 кніг — па фэнтэзі і навуковай фантастыцы.
«Колькі сябе памятаю, заўсёды чытаў. Бацька прышчапіў любоў да чытання, ён жа пачаў збіраць бібліятэку, а я з вялікай радасцю прыняў эстафету. Магу доўга гаварыць пра творы, аўтараў і іншыя калялітаратурныя рэчы. Уласна, гэта адна з маіх любімых тэм. Сачу за навінкамі выдавецтваў. І, вядома, не збіраюся спыняцца папаўняць бібліятэку. Вось такая ў мяне залежнасць», — жартуе кнігалюб.
Свой неардынарны збор кніг ёсць і ў мінчанкі Наталлі Пуляевай. Яна вядзе блог па дзіцячай літаратуры. Ёй жа прысвечана і бібліятэка.
«Сем гадоў таму, пасля нараджэння старэйшага сына, я зноў заглыбілася ў свет дзіцячых кніг — ужо як мама. І гэта заглыбленне вылілася ў стварэнне хатняй дзіцячай бібліятэкі. Здаецца, сярод нашых дзвюх тысяч ёсць кнігі на любую тэму і пад любы запыт. Цяпер у сям'і падрастае другі чытач. Малодшай дачцэ годзік, і муж наіўна меркаваў, што новых кніг не дадасца. Але мы ж з вамі ўсё разумеем», — усміхаецца Наталля.
Адна з самых прыгожых прыватных бібліятэк знайшлася ў Фелікса Янушкевіча з Ракава. У родным горадзе ён персона вядомая, як і ягоны брат Валяр'ян. Разам яны адкрылі прыватны музей-галерэю — тры паверхі, запоўненыя экспанатамі. Знайшлося месца і бібліятэцы на больш чым 4500 кніг.
«Значная яе частка — гэта савецкая літаратура 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя па мастацтве і навуцы, а таксама музычная літаратура. Але больш за ўсё ў нас кніг беларускіх аўтараў. Самая старая — XV стагоддзя. Асабіста я асабліва шаную выданні з аўтографамі пісьменнікаў. У нашай калекцыі ёсць кнігі, якія падпісаныя самім Уладзімірам Караткевічам», — адзначае Фелікс Янушкевіч.
Якімі яшчэ калекцыямі ганарацца беларусы
Па 50 рублёў на кніжныя навінкі ўручылі яшчэ пяцярым удзельнікам конкурсу. Сярод іх — Яўген Баярчук з Гомеля, які сабраў велізарную калекцыю графічных раманаў і коміксаў, а таксама рэдкіх выданняў, у тым ліку Codex Seraphinianus за 250 даляраў і кнігу з аўтографам англійскага пісьменніка-фантаста Ніла Геймана.
Цікавая бібліятэка і ў Ларысы Івашка з аграгарадка Русіно ў Баранавіцкім раёне. Сваю першую кнігу яна атрымала ў падарунак за касцюм мушкецёра.
«Адной з самых дарагіх кніг для мяне была кніга Астроўскага «Як гартавалася сталь». Мне яе падарыў дырэктар школы ў 1958 годзе за найлепшы карнавальны касцюм. Я так ганарылася гэтым падарункам, што прачытала кнігу некалькі разоў», — успамінае яна.
Кацярына Саўкіна захавала бібліятэку, якую атрымалі яе бацькі як вясельны падарунак ад бабулі. «Ёсць такі выраз, што кніга — найлепшы падарунак. І такі падарунак, а менавіта хатнюю бібліятэку, бабуля вырашыла падарыць маім бацькам на вяселле як найбольшую каштоўнасць у сям'і», — тлумачыць магіляўчанка.
Іншыя зборы таксама ўражваюць. Так, мінчанін Сцяпан Божык валодае прыватнай бібліятэкай на 3200 экзэмпляраў з самай вялікай калекцыяй міні-кніг, а Віталь Каваленка — зборам з больш чым 6000 тамоў.
Чытайце таксама: