На аўкцыёне ў Польшчы прадалі ўнікальныя ігральныя карты з Гродна. Ім амаль сто гадоў
Унікальныя ігральныя карты з Гродна прадалі ў Польшчы на аўкцыёне. Ён прайшоў увечары 30 кастрычніка на сайце Allegro.pl, за лот змагалася амаль 30 удзельнікаў. У ходзе таргоў лот падаражэў больш чым у пяць разоў. Выданне Mostmedia.io расказвае пра ігральныя карты Лапіных і пра тое, чаму яны важныя для гісторыі не толькі Гродна, але і ўсёй Беларусі.
31.10.2023 / 18:12
Хто купіў карты — невядома. На польскім аўкцыёне выніковы кошт лота склаў 799,5 злотага. Таргі пачыналіся са 150 злотых. На піку аўкцыёну за ўнікальную калоду картаў змагаліся 29 чалавек. Лот уяўляў сабой калоду з 52 картаў і двух джокераў.
Карты былі выпушчаныя ў Гродне ў міжваенны перыяд на фабрыцы ігральных картаў Лапіных. Сапраўднасць картаў пацвярджаў фабрычны друк на чырвовым тузе і надпіс на шаліку аднаго з валетаў. Такой калоды сёння няма нават у Гродне.
«Вельмі дорага каштуюць тыя прадметы, якія адначасова і цікавыя, і рэдкія. На Allegrо карты Лапіных з’яўляюцца прыкладна раз на год. Гэтым разам за іх змагаліся 29 карыстальнікаў аўкцыёну, стаўкі перабівалі ў апошнія секунды перад заканчэннем. Хто набыў — невядома. Але трэба, каб нашы гістарычныя каштоўнасці былі ў нашых, беларускіх, руках, — расказаў Mostmedia.io беларускі краязнавец Кастусь Шыталь, які змагаўся за карты для гродзенскага заказчыка.
Карты Лапіных, якія прадавалі на аўкцыёне ў Польшчы. Фота: Allegro.pl
Што за карты?
Ігральныя карты Лапіных вырабляліся на гродзенскай фабрыцы ў 20-40-я гады мінулага стагоддзя і былі шырока папулярныя за межамі Гродзеншчыны. Гэтымі картамі гулялі аматары азартных гульняў ва ўсёй міжваеннай Польшчы.
За аснову друку на фабрыцы былі ўзятыя тэхналогія і стандарты, закладзеныя яшчэ ў XVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам у Гродне. Ігральныя карты былі вядомыя сваёй якасцю, прыгажосцю, арыгінальнасцю і разнастайнасцю.
Валодалі фабрыкай яўрэйскія браты Лапіны. У міжваенны перыяд у асартыменце фабрыкі былі «народныя» калоды з выявамі шляхты часоў Рэчы Паспалітай замест каралёў і валетаў, «прускія» і «барочныя».
У 1939 годзе фабрыка была нацыяналізаваная Саветамі. У гады нямецкай акупацыі на вытворчасці Лапіных друкаваліся «рэйнскія» ігральныя карты.
Гісторыя з гродзенскімі картамі скончылася адразу пасля Другой сусветнай вайны. У 1944 годзе вытворчасць была спынена. На фабрыцы пачалі друкаваць савецкія агітацыйныя плакаты. Пазней праца Гродзенскай друкарні наогул прыпынілася, будынак фабрыкі доўга пуставаў.
Знаходка будаўнікоў нагадала пра забытую гісторыю
Упершыню з пасляваенных часоў публічна аб прадукцыі фабрыкі Лапіных загаварылі ў Гродне ў 2015 годзе. Тады падчас рэканструкцыі будынка «Белмытнясэрвісу», дзе раней была фабрыка картаў, выпадкова выявілі прадукцыю Лапіных. Неразрэзаныя карты 1930-х гадоў знайшлі пад старой ашалёўкай — яны выкарыстоўваліся як уцяпляльнік.
Будаўнікі нават не падазравалі, што выявілі ўнікальныя рэчы, якіх не было нават у музеі ў Гродне. Знаходкі стагадовай даўніны дзякуючы мясцовым краязнаўцам удалося перадаць у гісторыка-археалагічны музей.
Знойдзеныя ў 2015 годзе арыгінальныя карты Лапіных. Фота: Руслан Кулевіч / Hrodna life
Новае жыццё картаў Лапіных
Пасля таго, калі знойдзеныя карты перадалі ў музей, пачалося другое жыццё прадукцыі Лапіных. Знаходкай зацікавілася творчае аб'яднанне «А-чатыры», якое займаецца распрацоўкай і выданнем настольных гульняў. Яны захацелі аднавіць карты.
«Гэта ў першую чаргу ўнёсак у гісторыю горада і краіны ў цэлым, а яшчэ гэта пераемнасць пакаленняў, бо мы, маладыя сучасныя гродзенцы, аднаўляем тое, што рабілі гараджане яшчэ ў мінулым стагоддзі», — казаў кіраўнік праекта па аднаўленні картаў Антон Янкоўскі.
Для праекта прататыпы знойдзеных картаў з музея перадаў камандзе гісторык Андрэй Вашкевіч, ён жа падрыхтаваў і іх гісторыю. За аснову новых картаў былі ўзятыя звесткі з архіваў, гістарычныя даведкі, а таксама фрагменты знойдзеных картаў.
«Мы вырашылі аднаўляць карты цалкам з нуля, каб у нас атрымаўся якасны прадукт. Тое, што было знойдзена пры рэканструкцыі, было ў вельмі дрэнным стане», — казаў Антон Янкоўскі.
Цягам некалькіх месяцаў каманда гродзенцаў малявала арыгінальныя карты, а таксама думала над упакоўкай. У Гродне не было знойдзена картаў разам са скрыначкай, і ніхто не ведаў, як яна выглядала.
«На жаль, арыгінальныя ўпакоўкі не былі знойдзеныя, нам даводзілася іх самім ствараць. Выкарыстоўвалі некаторыя сімвалы, шрыфты-лагатыпы фабрыкі Лапіных», — казаў Янкоўскі.
Афіцыйна адноўленыя карты Лапіных прадставілі ў Гродне ў ліпені 2017 года. На прэзентацыі Антон Янкоўскі сказаў: «Калі мы ўзяліся за аднаўленне картаў, стала паступаць усё больш інфармацыі. Быццам карты чакалі моманту, калі за іх возьмуцца. Бо да знаходкі картаў пра іх у горадзе амаль нічога не было вядома. Калі мы ўжо распрацавалі ўласную скрыначку і пусцілі карты ў вытворчасць, знайшлася і цэлая арыгінальная калода, якую трымаў у руках сам уладальнік фабрыкі Аляксандр Лапін. Праект аднаўлення быў цікавы. Можа, у будучыні выпусцім карты і іншага выгляду, бо ў Лапіных іх было некалькі варыянтаў».
Гісторык Андрэй Вашкевіч трымае абрывак ліста яшчэ не выразаных картаў, якія да Другой сусветнай вайны выпускаліся на фабрыцы Лапіных. Менавіта з гэтага ліста і пачалося аднаўленне картаў у Гродне. Фота: Руслан Кулевіч / Hrodna life
Працэс адмалёўкі картаў Лапіных. Фота: Руслан Кулевіч / Hrodna life
Адноўленыя ў 2017 годзе ігральныя карты Лапіных. Фота: Руслан Кулевіч / Hrodna life
Як знайшлася першая скрыначка з картамі?
Арыгінальную калоду ў фірмовай скрыначцы перадаў творчай групе «А-чатыры» гродзенец Аляксандр Мілінкевіч за некалькі дзён да прэзентацыі адноўленых картаў Лапіных. Калоду бацькам Мілінкевіча падарылі самі ўласнікі фабрыкі.
Да 1941 года бацькі Аляксандра Мілінкевіча жылі ў Гродне ў адным доме з Лапінымі — на вуліцы Цаглянай, 10. Сем'і сябравалі і ў цяжкі час дапамагалі адно аднаму.
«Лапіны жылі на другім паверсе, мы — на першым. Гэты дом на вуліцы Цаглянай і сёння стаіць на сваім месцы, у ім пасля вайны нарадзіўся і я, — распавядаў Аляксандр Мілінкевіч. — Бацька і мама з суседзямі сябравалі. Хоць Лапіны былі фабрыкантамі, але жылі адносна сціпла, былі прыязнымі, адкрытымі і вельмі добразычлівымі».
Карты, якія Аляксандр перадаў для прэзентацыі, — падарунак ад Аляксандра Лапіна яго бацьку-настаўніку. Падчас вайны, калі сям'я Лапіных трапіла ў гета, маці Аляксандра — Марыя Баран з Мілінкевічаў — некалькі разоў на тыдзень ноччу пераходзіла цераз Гараднічанку і ў прызначаны час цераз плот перадавала ежу Лапіным. Рызыка была смяротная: за парушэнне каменданцкага часу і пранос харчавання маглі расстраляць.
«Адзін раз у момант перадачы мама адчула, што нешта яе тыцнула ў спіну. Гэта быў аўтамат салдата. Яна была гатовая да горшага, але ахоўнік моўчкі некалькі імгненняў глядзеў на маму, потым апусціў вочы і нешта сказаў, але не па-нямецку, магчыма, ён быў італьянец, і паказаў ёй, каб яна сышла. Яна жартавала: «Я прыгожая, можа, спадабалася, таму і пашкадаваў». Але пасля таго выпадку пасма валасоў на яе галаве стала зусім сівой. Ёй было тады 33 гады», — распавядаў Аляксандр Мілінкевіч.
Карты Лапіных з калекцыі Аляксандра Мілінкевіча. Фота: Руслан Кулевіч
Што стала з Лапінымі?
У 1939 годзе савецкая ўлада нацыяналізавала прадпрыемства братоў Лапіных. Ці працавалі яны там далей, невядома. Але ў 1941 годзе Лапіны былі ў Гродне і трапілі ў гета, створанае немцамі для яўрэйскіх жыхароў горада.
Жахаў вайны Лапіны не перажылі. Браты Аляксандр і Абрам, а таксама сястра Кейла загінулі, верагодна, у Гродзенскім гета або ў лагерах смерці. У Францыі жыве праўнук сястры братоў Лапіных Андрэй Гурэвіч.
Што яшчэ прадавалі на аўкцыёне з прадукцыі Лапіных?
У 2022 годзе на адным з еўрапейскіх аўкцыёнаў чытач Mostmedia.io набыў яшчэ адну калоду картаў Лапіных. На той момант гэта была другая з вядомых арыгінальных калод з прыватных калекцый. Чытач купіў яе за 200 еўра і перадаў у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Цяпер там захоўваецца адна арыгінальная калода і карты, знойдзеныя будаўнікамі ў 2015 годзе падчас рэканструкцыі будынка, дзе знаходзілася фабрыка Лапіных.
Акрамя арыгінальнай калоды, у 2022 годзе на аўкцыёнах прадавалі ўнікальную шкатулку для картаў Лапіных, якую таксама зрабілі ў Гродне, толькі на фабрыцы пераплётаў «Нёман». Хто купіў гэтую шкатулку і за колькі, невядома.
Чытайце таксама:
Ці ёсць у віцебскага музея шанцы набыць карціну Марка Шагала?
«Натхнялася слуцкімі паясамі». Беларуска стварае вельмі стыльны дызайн шаўковых хустак
Веткаўскі музей працягвае збіраць грошы, каб набыць унікальны помнік іканапісу