На дзяржТБ патлумачылі, навошта ўводзяць падатак на багацце
На СТБ запэўнілі, змены ў Падатковы кодэкс, якія рыхтуюцца, дазволяць прадпрымальнікам «вырастаць са штонікаў». І паспрыяюць сацыяльнай справядлівасці, каб не было такога, што «камусьці супчык рэдкі, а камусьці жэмчуг дробны».
31.10.2023 / 14:25
Змены ў падатковым заканадаўстве сталі тэмай ток-шоу «Па сутнасці». Скрыншот CTVBYvideo / YouTube
Навошта падатак на багацце
Адным з новаўвядзенняў у Падатковым кодэксе стане падатак на багацце. Размова ідзе аб выкарыстанні прагрэсіўнай шкалы падаткаабкладання пры даходзе звыш 200 тысяч рублёў. Для беларусаў з такім даходам плануюць падняць стаўку падаходнага падатку з 13 да 25%. А для ІП, чый даход перавысіць 500 тысяч рублёў, хочуць падняць падатак да 30%.
У ток-шоу «Па сутнасці» на СТБ патлумачылі, чаму вырашылі ўвесці такія падаткі.
«Чаму цяпер у Беларусі ўзнікла неабходнасць звярнуцца да такой меры? У нас рэзка з'явілася вельмі шмат заможных людзей? Апаненты ўлады гавораць, што такім чынам дзяржава хоча зарабіць грошай, каб карміць сілавікоў і бюджэтнікаў з іншых сфер», — задае пытанне вядучая Алена Сырова.
Па словах эканаміста Аляксандра Казлова, прагрэсіўная шкала, пад якой цяпер разумеюць «падатак на багацце», раней ужо існавала ў падатковай практыцы Беларусі. Былі падаткі і па 20, і па 25 працэнтаў.
Казлоў лічыць, што, з аднаго боку, увядзенне прагрэсіўнай шкалы дазволіць павялічыць падатковыя паступленні і нейкім чынам вырашыць праблему недахопу грошай у бюджэце. З другога — гэта можа быць звязана з сацыяльнай справядлівасцю: «Ёсць такое выказванне: «Камусьці супчык рэдкі, а камусьці жэмчуг дробны».
Эканаміст падкрэсліў, што ён асабіста не бачыць ніякай глабальнай праблемы з увядзеннем гэтага падатку ў Беларусі. Падобны падатак існуе і ў іншых краінах.
«Так, спачатку нейкае шараханне будзе. Але потым усё нармалізуецца», — лічыць ён.
Новы падатак можа закрануць каля 9 тысяч чалавек.
Па меркаванні дырэктара Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага Жанны Тарасевіч, прадпрымальнікі новага падатку не спужаюцца. Яна ўдакладніла, што гадавы даход у 200 тысяч датычыць не толькі прадпрымальнікаў, а любога грамадзяніна:
«Гэта могуць быць і наёмныя работнікі. Напрыклад, менеджар, які працуе дырэктарам на прадпрыемстве, ці доктар, паслугі якога добра аплачваюцца».
«Як толькі з'явіўся ў Падатковым кодэксе падатак на багацце, на багатыя аўтамабілі і гэтак далей, у бізнэсу паўстаў попыт на закон, які мы нядаўна крытыкавалі, аб змене ў заканадаўстве па пытаннях прадпрымальніцтва, — дадала Тарасевіч. — Таму што для любога суб'екта ёсць магчымасць і права выбару. Я магу быць не індывідуальным прадпрымальнікам, не плаціць высокія падаткі па 25%. <…>
У праекце закона прадугледжаны бясшвовы пераход — гэта раз. І па-другое, там жа прадугледжана, што суб'екты гаспадарання ўжо не да 15, а да 50 чалавек, якія стануць юрыдычнымі асобамі, змогуць карыстацца тымі льготамі альбо спрошчанымі рэжымамі, якімі можна было карыстацца да цяперашняга часу. А гэта дае магчымасць якраз «вырастаць са штонікаў».
Колькі ў Беларусі індывідуальных прадпрымальнікаў
Жанна Тарасевіч назвала лічбу прадпрымальнікаў у краіне:
«Калі браць усіх індывідуальных прадпрымальнікаў, то гэта дзесьці каля 263 тысяч дзеючых. Гэта не шмат. Але з іншага боку, мы павінны разумець: калі мы бяром гандляра, то гэта людзі 50+. Яны будуць працаваць яшчэ 5-10 гадоў.
Далей ужо прыйшоў інтэрнэт-гандаль, рознічныя гандлёвыя сеткі і гэтак далей. Таму гэтым людзям перастроіцца і пайсці ў вытворчасць дастаткова складана. Яны ў асноўным у рэгіёнах».
У той жа час Тарасевіч адзначае, што такім людзям трэба «проста дапамагчы перайсці ў цывілізаваны разрад, напрыклад, прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, калі ў нас мяняюцца ўмовы».
Кірыл Казакоў дадаў, што ў Беларусі індывідуальнымі прадпрымальнікамі былі «дзеля таго, каб плаціць раз на год зусім крыху».
Доктар эканамічных навук Ірына Новікава запярэчыла:
«Можа, гэта было і добра. Бо яны самазанятыя. Яны самі сабе давалі работу, не патрабавалі дапамогі па беспрацоўі. Яны не сядзелі дома, зараблялі, каб пракарміць сябе і сваю сямʼю. Гэта ж таксама можа быць мэтай дзяржавы».
Чытайце яшчэ:
Багатыя таксама плачуць. У Беларусі хочуць увесці падатак на звышпрыбыткі і дарагія аўто
Колькасць ІП скарачаецца. Як гэта ўплывае на сабраныя падаткі і чаму тэндэнцыя працягнецца