Мужчына, які застрэліў 18 чалавек у штаце Мэн, знойдзены мёртвым
Імаверна, ён здзейсніў самагубства.
28.10.2023 / 07:35
Роберт Кард. Фота: паліцыя Льюстана
Мужчына, які падазраецца ў забойстве 18 чалавек у горадзе Льюістан у амерыканскім штаце Мэн, знойдзены мёртвым пасля трох дзён пошукаў, паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на паліцыю.
Цела 40-гадовага Роберта Карда знайшлі побач з Цэнтрам перапрацоўкі смецця. Як паведамляюць крыніцы AP у паліцыі, ён мог пакончыць з сабой.
У доме, звязаным з падазраваным, была знойдзеная запіска, у якой было напісана пра самагубства. Яна была адрасавана сыну Карда. У доме таксама быў знойдзены мабільны тэлефон падазраванага.
На прэс-канферэнцыі ў мэрыі Льюістана губернатар штата Мэн Джанет Мілс паведаміла, што цела загінулага было знойдзена ў Лісбоне, недалёка ад месца стральбы.
«Сёння я ўздыхнула з палёгкай, ведаючы, што Роберт Кард не будзе з'яўляць ні для каго пагрозы», — сказала яна.
Начальнік паліцыі Льюістана Дэвід Сэнт-П'ер дадаў, што праца праваахоўных органаў на гэтым не скончана.
У паліцыі кажуць, што многія падрабязнасці не выдаюцца, бо ўлады хочуць спачатку паразмаўляць з сем'ямі ахвяр.
Чытайце таксама:
Масавая стральба ў штаце Мэн: не менш за 16 загінулых, 50 параненых. Злачынцу пакуль не злавілі
Стралок, які забіў 18 чалавек у штаце Мэн, быў інструктарам па агнястрэльнай зброі і «чуў галасы»