Ізраіль асудзіў візіт прадстаўнікоў ХАМАС у Расію і заклікаў «неадкладна выгнаць тэрарыстаў»

МЗС Ізраіля выпусціла заяву з нагоды сённяшняга візіту прадстаўнікоў ХАМАС у Маскву.

26.10.2023 / 20:53

«Ізраіль разглядае запрашэнне верхаводаў ХАМАС у Маскву як няправільны крок, які дае спадарожны вецер тэрору і легітымацыю зверствам тэрарыстаў ХАМАС. Мы заклікаем расійскі ўрад неадкладна выгнаць тэрарыстаў ХАМАС», — гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Ізраіля. 

ХАМАС у заяве называецца «тэрарыстычнай арганізацый, горшай за ІДІЛ».

26 кастрычніка ў Маскве прайшлі перамовы з дэлегацыяй ХАМАС. МЗС Расіі паведаміла, што на сустрэчы абмяркоўвалася «вызваленне замежных закладнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сектара Газа».

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што кантактаў Уладзіміра Пуціна з дэлегацыяй ХАМАС не плануецца.

Nashaniva.com