Мы пераходзім у наступ. Газа ніколі не вернецца да таго, што было раней — міністр абароны Ізраіля

Міністр абароны Ізраіля Яаў Галант на сустрэчы з вайскоўцамі заявіў, што ізраільскае войска «ўзяло сітуацыю пад кантроль» і «пераходзіць у поўнамаштабны наступ», паведамляе The Times of Israel.

10.10.2023 / 21:56

Выбух у палесцінскім шматпавярховіку пасля ізраільскага авіяўдару ў горадзе Газа, 7 кастрычніка 2023 г. Фота: Adel Hana / AP Photo

«Я зняў усе абмежаванні. ХАМАС хацеў перамен у сектары Газа, і ён зменіцца на 180 градусаў у параўнанні з тым, што думалі баевікі. Яны пашкадуюць пра гэты момант. Газа ніколі не вернецца да таго, што было раней. Хто б ні прыйшоў абезгалоўліваць, забіваць жанчын і людзей, якія перажылі Халакост, — мы знішчым яго», — заявіў Галант.

Міністр таксама дадаў, што вайна можа зацягнуцца на «тыдні ці месяцы».

Баевікі руху ХАМАС раніцай 7 кастрычніка напалі на Ізраіль. Яны выпусцілі некалькі тысяч ракет і прарваліся ў прымежныя раёны, пачаўшы бой з ізраільскімі вайскоўцамі.

Прэмʼер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што краіна ўступае ў «доўгую і цяжкую вайну». Таксама ён абʼявіў, што Армія абароны Ізраіля пачала рыхтавацца да наступальнай аперацыі, мэтай якой зʼяўляецца поўнае знішчэнне магчымасцяў ХАМАС.

Nashaniva.com