Пуцін назваў сваю версію катастрофы самалёта з Прыгожыным
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы на пленарным паседжанні дыскусійнага клуба «Валдай», расказаў, што ў целах людзей, загінулых на самалёце разам з кіраўніком ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожынам, нібыта былі выяўленыя фрагменты ручных гранат.
05.10.2023 / 20:42
Уладзімір Пуцін. Фота: Getty Image
Паводле Пуціна, вонкавага ўздзеяння на самалёт не было, гэты факт нібыта ўстанавіў расійскі Следчы камітэт падчас расследавання.
«Мне кіраўнік Следчага камітэта дакладваў літаральна днямі: у целах загінулых пры авіякатастрофе выяўленыя фрагменты ручных гранат. Знешняга ўздзеяння на самалёт не было — гэта ўжо ўстаноўлены факт, вынік экспертызы, праведзенай Следчым камітэтам Расійскай Федэрацыі».
Таксама Пуцін падзяліўся з грамадскасцю тым, што ў офісе Прыгожына, маўляў, знайшлі какаін:
«На жаль, на наяўнасць алкаголю або наркатычных сродкаў у крыві загінулых экспертыза не праводзілася, хоць мы ведаем, што пасля вядомых падзей у кампаніі ў Пецярбургу ФСБ выявіла не толькі 10 млрд наяўнымі, але і 5 кг какаіну. На мой погляд, трэба было правесці такую экспертызу, але яна не была праведзеная».
Таксама Пуцін заявіў, што досвед ПВК «Вагнер» быў «каравым», бо ў краіне, маўляў, адсутнічала заканадаўства аб прыватных вайсковых кампаніях. І ён нібыта быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што заробкі найміты з ПВК атрымлівалі наяўнымі грашыма.
Самалёт з Яўгенам Прыгожыным на борце разбіўся над Цвярской вобласцю Расіі 23 жніўня. Усяго ў авіякатастрофе над Валдаем загінулі 10 чалавек.
29 жніўня Прыгожына пахавалі ў Санкт-Пецярбургу на падкрэслена непрэстыжных могілках. Ні Пуціна, ні іншых прадстаўнікоў расійскай палітычнай эліты на пахаванні не было. Само пахаванне прайшло таемна.
Чытайце таксама:
Пасля смерці Прыгожына разгарнулася барацьба за яго спадчыну
«Ведаю толькі тое, што выжыў». Джордж Буш падзяліўся ўспамінамі аб Прыгожыне
Пасля смерці Прыгожына Зінгман спрабуе перахапіць ахоўныя кантракты «Вагнера» — крыніцы