Міжнародны Чырвоны Крыж патрабуе звольніць Шаўцова. У выпадку адмовы — спыніць фінансаванне
Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (IFRC) па выніках расследавання заявіла, што генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў парушыў асноўныя прынцыпы руху, правілы выкарыстання яго эмблем і палітыку добрасумленнасці федэрацыі.
04.10.2023 / 13:11
Фота: ifrc.org
Камітэт па выкананні прававых нормаў правёў расследаванне абвінавачанняў, выкліканых афіцыйнымі заявамі Генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, у тым ліку аб ядзернай зброі і перамяшчэнні дзяцей у Беларусь, а таксама ў сувязі з яго візітам у Луганск і Данецк.
Праўленне IFRC падтрымала высновы і рэкамендацыі Камітэта па выкананні прававых нормаў, забараніўшы яму займаць хоць якія кіроўныя пасады ў арганізацыі.
Праўленне заклікала Беларускі Чырвоны Крыж вызваліць Генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова ад пасады не пазней за 30 лістапада 2023 года.
У адваротным выпадку арганізацыя адмовіцца ад новых партнёрскіх абавязацельстваў у дачыненні да Беларускага Чырвонага Крыжа, у тым ліку спыніць фінансаванне.
Ужо ў верасні стала вядома, што Камітэт па выкананні прававых нормаў і пасярэдніцтва Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца парэкамендаваў кіраўніку беларускага аддзялення Дзмітрыю Шаўцову пакінуць пасаду да 3 кастрычніка на час правядзення расследавання. Але ён да рэкамендацыі не прыслухаўся. З'езд Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа прагаласаваў за працяг паўнамоцтваў Дзмітрыя Шаўцова.
IFRC папярэджвае, што, калі Беларускі Чырвоны Крыж не прыме неабходных дзеянняў для адхілення дзейнага Генеральнага сакратара, сяброўскія правы Нацыянальнага таварыства будуць аўтаматычна прыпынены 30 лістапада 2023 года.
Прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа ў Беларусі — праўладная, фактычна, псеўдаграмадская арганізацыя, якая безагаворачна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ва ўсіх яго дзеяннях як на словах, так і на справе. Сяброў гэтай арганізацыі, напрыклад, заўсёды ўключаюць у склад выбарчых камісій, і яны актыўна ўдзельнічаюць у фальсіфікацыі выбараў рознага ўзроўню.
Дзейнасць арганізацыі не адпавядае такім заяўленым прынцыпам, як незалежнасць, нейтральнасць, бесстароннасць і добраахвотнасць.
Пасля пачатку вайны Расіі з Украінай Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ўдзельнічала ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый на тэрыторыю Беларусі, генеральны сакратар БТЧК Дзмітрый Шаўцоў асабіста наведваў Данбас, маючы на сваім адзенні сімвал расійскай агрэсіі — лацінскую літару Z. Уласна, менавіта пасля таго і ўзнік скандал, на які мусіў адрэагаваць нават Міжнародны Чырвоны Крыж, звычайна не вельмі прынцыповы ў рэпутацыйных пытаннях.
Акрамя таго, кіраўніцтва арганізацыі неаднаразова публічна выказвалася ў падтрымку размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі.
У той жа час праблемы парушэння правоў чалавека ў Беларусі кіраўніцтва арганізацыі зусім не цікавяць, не робяць яны і спроб палепшыць становішча палітзняволеных у турмах рэжыму Лукашэнкі.
Чытайце таксама:
Ці могуць Беларускі Чырвоны Крыж выключыць з міжнароднай арганізацыі?
«А мы гэта канкрэтна можам зрабіць» — Шаўцоў з Чырвонага Крыжа пра ядзерную зброю
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, які засвяціўся з Z-сімволікай, расказаў, што робіць на Данбасе