Навукоўцы знайшлі мікрапластык у аблоках. Гэта можа несці сур'ёзныя наступствы для свету
Чаму сітуацыя небяспечная і ці можа гэта ўплываць на змену клімату, адказалі ў сваім даследаванні японскія навукоўцы.
02.10.2023 / 19:44
Фота: Comstock / Getty Images
Японскія навукоўцы правялі даследаванне і знайшлі чарговы доказ таго, што мікрапластык пранік у большасць экасістэм на Зямлі. Пра гэта паведаміла выданне Euronews са спасылкай на часопіс Environmental Chemical Letters.
Для правядзення эксперыменту японскім даследчыкам давялося падняцца на святую гару Фудзі і сабраць узоры вады з гары Аяма. Ваду збіралі на вышыні ад 1300 да 3776 метраў. Пасля яны высветлілі, ці знаходзіцца мікрапластык ва ўзорах, і калі так, то які менавіта.
«У горнай вадзе знайшлі 9 розных відаў палімераў і 1 тып гумы. На літр вады прыходзілася да 14 часціц пластыку, памер якога мог дасягаць 95 мікраметраў, што крыху больш за сярэднюю таўшчыню воласа», — піша Euronews са спасылкай на японскіх навукоўцаў.
Вялікая колькасць палімераў азначае, што вакол часціц пластыку магла кандэнсавацца вада ў атмасферы. Такім чынам фарміруюцца аблокі. Навукоўцы лічаць, што мікрапластык у гарах можа ўплываць на фарміраванне аблокаў і на змены клімату. Ён цыркулюе ў атмасферы і спрыяе глабальнаму забрудненню.
Вядучы аўтар даследавання Хірошы Акочы з універсітэта Васеда кажа, што праблему трэба тэрмінова вырашаць.
«Экалагічныя рызыкі могуць стаць рэальнасцю, асяроддзю будзе нанесена непапраўная шкода», — папярэджвае ён.
«Як мікрапластык трапляе ў аблокі? Гэта можа быць пыл ад дарог, звалкі, аўтамабільныя шыны, нават штучны газон і касметыка. Акіян таксама пасылае пластык у неба ў працэсе выпарвання. Маленькія часціцы пластыку становяцца дастаткова лёгкімі для таго, каб лятаць і падымацца ў паветра», — адзначае Euronews.
Навукоўцы дадаюць, што «мікрапластык, магчыма, стаў кампанентам аблокаў, забруджваючы ўвогуле ўсё, што мы ядзім і п'ём. У свабоднай трапасферы мікрапластык пераносіцца ветрам, што толькі спрыяе глабальнаму забруджанню».
Чытайце таксама:
У Марыянскай упадзіне знойдзены новы вірус. Ён можа аказацца самым глыбакаводным у свеце
У будучыні чалавецтва магло б гасіць цыклоны. Але кіраванне надвор'ем звязана з новымі рызыкамі
Навукоўцы ўпершыню аднавілі РНК вымерлай жывёлы. Яны спадзяваюцца вярнуць у свет страчаныя віды