Дажджы заліваюць Нью-Ёрк. Такіх ападкаў там не было 140 гадоў
Залевы, якія не спыняюцца ўжо цэлы тыдзень, прывялі да моцных паводак у Нью-Ёрку і яго ваколіцах. Мэр горада абвясціў надзвычайную сітуацыю, а губернатар штата папярэджвае пра пагрозу для жыцця. Гэты верасень ужо назвалі самым дажджлівым у Нью-Ёрку з 1882 года, піша Бі-бі-сі.
30.09.2023 / 08:13
Фота: Jake Offenhartz / AP
З пачатку месяца і на раніцу пятніцы ў Нью-Ёрку выпала ўжо амаль 350 мм ападкаў. І хоць улады горада і штата пакуль не зафіксавалі смяротных выпадкаў або цяжкіх траўмаў у выніку паводкі, службы выратавання ўжо шэсць разоў вызвалялі людзей з затопленых падвальных памяшканняў.
Мэр Нью-Ёрка Эрык Адамс прыняў рашэнне не закрываць школ, бо навучэнцам не пагражае небяспека, аднак ён раіць жыхарам горада захоўваць асаблівую асцярожнасць і пазбягаць месцаў, схільных да затаплення.
У сваю чаргу губернатар штата Нью-Ёрк Кэці Хокул назвала залевы небяспечнымі і нават пагрозлівымі жыццю і заклікала насельніцтва Нью-Ёрка, Лонг-Айленда і Хадсан-Рывер-Вэлі не рызыкаваць і заставацца на ўзвышшах.
Паліцыя Нью-Ёрка паведамляе, што многія дарогі давялося перакрыць з-за паводкі, асабліва калі магістралі праходзяць пад мастамі або ў тунэлях.
Служба гарадскога транспарту апавясціла пасажыраў, што чатыры лініі метро закрытыя цалкам, а на 12 лініях не працуюць некаторыя станцыі і назіраюцца значныя затрымкі. Гаворка ідзе аб асноўных маршрутах, якімі карыстаюцца мільёны людзей.
Аэрапорт Ла-Гуардыя ў раёне Куінс абвясціў, што тэрмінал А будзе часова закрыты.
Адміністрацыя міжнароднага аэрапорта імя Джона Кенэдзі, дзе на ўзлётную паласу зранку выпала звыш 100 мм ападкаў, паведамляе, што ў сувязі з умовамі надвор'я рэйсы могуць затрымлівацца ці нават адмяняцца і рэкамендуе пасажырам загадзя спраўджваць расклад.
Чытайце таксама:
У Лівіі катастрафічная паводка: больш за 3000 загінулых і 10000 зніклых без вестак
Нябачны восьмы кантынент. Навукоўцы цалкам нанеслі на карту Зеландыю. Яе плошча ўражвае