«Калі акцыя не ўзгодненая, іх будзе шукаць міліцыя». Гомельскія чыноўнікі пракаментавалі «мемарыял» вагнераўцам у цэнтры горада

Фатаграфіі кіраўнікоў ПВК «Вагнер» Дзмітрыя Уткіна і Яўгена Прыгожына, якія ў канцы жніўня загінулі ў авіякатастрофе над Цвярской вобласцю, з'явіліся ўчора днём каля манумента савецкім вайскоўцам на плошчы Паўстання ў цэнтры Гомеля. Гомельская міліцыя апаганьванне помніка пакуль не каментавала, у той час як каментары ад цывільных чыноўнікаў атрымаць удалося, піша «Флагшток».

29.09.2023 / 16:06

Кветкі і фота кіраўнікоў вагнераўцаў на плошчы Паўстання ў Гомелі

Галоўная спецыялістка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Вольга Антоненка паведаміла, што яна, маўляў, наогул не валодае сітуацыяй:

«Я толькі ўчора выйшла з адпачынку і не ведаю, што было ўчора. Ператэлефануйце, калі ласка, пазней».

У той жа час намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і маладзёжнай палітыкі Гомельскага аблвыканкама Максім Фралоў паведаміў, што акцыя, прысвечаная вагнераўцам на плошчы Паўстання, у Гомельскім аблвыканкаме не ўзгаднялася. І выказаў сумнеў, што яе маглі ўзгадніць у Гомельскім гарвыканкаме.

На пытанне, ці будзе міліцыя шукаць аўтараў «мемарыяла» на месцы помніка савецкім воінам, чыноўнік адказаў: «Так, калі акцыя не ўзгодненая, іх будзе шукаць міліцыя». 

Чытайце таксама:

Пуцін прапанаваў вагнераўцам новага кіраўніка

Вагнераўцы з Беларусі вярнуліся ваяваць ва Украіну

Затрымалі мужчыну, які негатыўна выказаўся пра чалавека з шаўронам «Вагнера»

Вагнераўцы заявілі, што працягваюць працу на беларускім кірунку

Nashaniva.com