Бусел з-пад Маладзечна зноў уцёк у горад. Ён адчайна спрабуе паляцець у вырай, але не атрымліваецца
У Маладзечне другі раз за месяц усхваляваў горад бусел Смяльчак, які жыве ў аграсядзібе ў вёсцы Цівідаўка. Птушыны сімвал Беларусі зноў збег (ці зляцеў) ад гаспадароў 27 верасня. Знайшлі яго амаль праз двое сутак. Уцякач пішчаў і прасіў есці, піша Kraj.by.
29.09.2023 / 15:12
Фота: Kraj.by
Мінулым разам, у пачатку верасня, за Смельчаком ганяліся суткі. Знайшлі тады бусла на галаве ў Леніна.
Цяпер птушка вырашыла не вяртацца дадому пасля прагулкі. Гаспадыня аграсядзібы Настасся распавядае:
— У нас чатыры буслы. Двое не лётаюць, двое — падымаюцца на крыло. Не на ланцуг жа нам іх саджаць. Вядома, выпускаем гуляць. Дык вось у сераду адзін бусел вярнуўся, а Смельчака — зноў няма. Нічога не зробіш. Гэта інстынкт.
Фота: Kraj.by
Птушка спрабуе адправіцца зімаваць на поўдзень. Усе яго суродзічы ўжо паляцелі, а ў яго не атрымаецца, нават калі вельмі захоча, але спробы ўсё роўна робіць. Ды і горад, здаецца, ён палюбіў.
Палюбілі Смельчака і маладзечанцы, якія кінуліся дапамагаць Настассі лавіць бусла, пастаянна на працягу двух дзён паведамляючы ёй па мабільным тэлефоне месцы, дзе бачылі насатага хулігана. Аказалася, што птушцы не чужое нават тэатральнае мастацтва.
Фота: Kraj.by
Насця распаўсюджвала ў інтэрнэце інфармацыю пра тое, каб гараджане ні ў якім разе не кармілі бусла і не крыўдзілі яго. Птушка не баіцца гарадскога шуму, машын і людзей. Пакрыўдзіць яе можа кожны. Разам з тым Смяльчак, колькі б ні гуляў, усё роўна павінен быў вярнуцца ў аграсядзібу на зімоўку. Галоўнае, каб падчас гэтых прагулак ён не падхапіў якой-небудзь хваробы ці не атрымаў траўмаў.
— У чацвер ганяліся за буслам па ўсім горадзе, — распавядае Настасся. — Здаралася, што прыязджаем у адно месца па паведамленні людзей — і толькі за домам крыло бачым. За ўвесь гэты час у нас у аграсядзібе цэлая чарга ўтварылася. Да нас жа ўвесь час ідуць людзі. Хто па малако, хто па гной, хто вярблюда Шышу пагладзіць і пачаставаць. Усім даводзілася чакаць.
Фота: Kraj.by
Калі ўжо сцямнела, Насці паведамілі, што Смяльчак на вуліцы Прытыцкага сядзіць на даху дома недалёка ад піцэрыі. А як яго адтуль дастанеш? Прыйшлося чакаць раніцы.
Фота: Kraj.by
— Увечары, калі пачынае цямнець, бусел з меркаванняў бяспекі шукае найвышэйшы пункт для начоўкі, бо ў цемры ён не бачыць, — тлумачыць Настасся. — А сёння ў сем гадзін раніцы нам паведамілі, што Смяльчак знаходзіцца каля гадзінніка на вуліцы Прытыцкага, ходзіць па Брадвеі (так маладзечанцы называюць пешаходную частку вуліцы. — «НН»). Там мы яго і злавілі. Але гэта ўжо не вельмі складана. Ён быў галодны, запішчаў, убачыўшы рыбу, і сам да нас пайшоў.
Смельчака адвезлі дадому. Настасся спадзяецца, што гэтыя другія ўцёкі птушынага аматара горада Маладзечна стануць апошнімі.
Чытайце таксама:
Каля 75% маладых буслоў гінуць у першы год жыцця падчас міграцыі. Чаму так?
У Бешанковічах здаровы бусел адмаўляецца вяртацца ў дзікую прыроду. Вінаватыя людзі
Сеў Леніну на галаву. З аграсядзібы пад Маладзечнам збег бусел і паляцеў у горад гарэзнічаць