Азербайджан затрымаў экс-кіраўніка Нагорнага Карабаха
Рубен Варданян — мільярдэр і прадпрымальнік. Нагорны Карабах ён узначаліў у лістападзе 2022 года, адмовіўшыся ад расійскага грамадзянства.
27.09.2023 / 13:08
Рубен Варданян. Фота з сайта BBC.
Пры пераходзе па Лачынскім калідоры, што злучае Нагорны Карабах з Арменіяй, азербайджанцамі затрыманы былы дзяржміністр Нагорнага Карабаха Рубен Варданян.
З офіса Рубена Варданяна паведамілі, што найбліжэйшым часам яго жонка Вераніка Зонабенд выступіць з заявай.
Яна паведаміла, што сувязь з мужам знікла, навіну аб арышце яна ўбачыла ў азербайджанскіх СМІ, піша news.am.
Рубен Варданян — прадпрымальнік-мільярдэр, філантроп. Сузаснавальнік гуманітарнай ініцыятывы «Аўрора», адзін з заснавальнікаў і першы прэзідэнт (2006-2011) Маскоўскай школы кіравання «Сколкава», сузаснавальнік UWC Dilijan College у Арменіі, дзе вучыліся і беларускія студэнты. У кастрычніку 2022 года адмовіўся ад расійскага грамадзянства і пераехаў у Нагорны Карабах, дзе пагадзіўся ўзначаліць рэгіён.
***
Нагадаем, што на мінулым тыдні ў выніку маланкавай вайны з Азербайджанам Нагорны Карабах капітуляваў. З рэгіёна пачаўся сыход армянаў у Арменію. Учора паведамлялася, што Нагорны Карабах пакінулі за гэты тыдзень 13 500 чалавек. Усяго ў рэгіёне, які армяне называюць Арцах, жыве 120 тысяч чалавек.
Чытайце таксама:
Нагорны Карабах прыняў рашэнне аб капітуляцыі
Што такое Нагорны Карабах і што армяне з азербайджанцамі там дзеляць
Беларуска расказала, што адбываецца ў Ерэване пасля капітуляцыі Нагорнага Карабаха