Байдэн даслаў ліст з падтрымкай армянскаму прэм'еру Пашыняну
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн даслаў ліст армянскаму прэм'ер-міністру Ніколу Пашыняну, у якім запэўніў у далейшай падтрымцы яго краіны з боку Злучаных Штатаў. Ліст ад Байдэна Пашыняну перадала кіраўніца Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) Саманта Паўэр.
25.09.2023 / 22:41
Фота: Ukrainian Presidential Press Office via Getty Images
«Я папрасіў Саманту Паўэр, ключавога члена майго кабінета, асабіста перадаць вам рашучую падтрымку Злучаных Штатаў і маёй адміністрацыі імкненню Арменіі да дасягнення годнага і трывалага рэгіянальнага міру, які будзе абараняць ваш суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і дэмакратыю», — гаворыцца ў лісце амерыканскага прэзідэнта.
Байдэн падкрэсліў, што ЗША будуць працягваць падтрымліваць Арменію ва ўмацаванні дэмакратыі ўнутры краіны і ў імкненні да стабільнасці ў рэгіёне.
Перад гэтым 19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную» аперацыю супраць Нагорнага Карабаха, які сусветная супольнасць лічыць часткай Азербайджана. Гэтая аперацыя ўжо праз дзень скончылася фактычнай капітуляцыяй Нагорнага Карабаха, і цяпер вырашаецца, як гэты рэгіён будзе жыць далей.
Чытайце таксама:
Што такое Нагорны Карабах і што армяне з азербайджанцамі там дзеляць