Карпянкову споўнілася 55 гадоў, а ўказа Лукашэнкі няма
Паводле «Закона аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», максімальны ўзрост знаходжання на службе для генерал-маёра, якім ёсць Карпянкоў, 55 гадоў. Столькі яму споўнілася 6 верасня. Рашэнне аб далейшым працягу службы павінен прыняць Лукашэнка, але на ягоным сайце такога распараджэння пакуль не з'явілася. Але не з'явілася і распараджэння аб адстаўцы.
25.09.2023 / 17:01
Мікалай Карпянкоў
Раней у такіх сітуацыях на сайце Аляксандра Лукашэнкі публікаваліся распараджэнні аб дазволе працягваць службу генералам, якім спаўнялася 55 гадоў.
Адносна нядаўна так было з Аляксандрам Барсуковым, Віктарам Лісоўскім і іншымі.
А вось з Карпянковым — цішыня. У такім выпадку фармальна Карпянкоў павінен пайсці на пенсію.
Але на сайце Міністэрства ўнутраных спраў ён усё яшчэ значыцца кіраўніком унутраных войскаў, што можна разумець як сведчанне працягу службы.
Карпянкову ў званні палкоўніка ўжо адзін раз дазвалялі працягнуць службу. Як расказваюць крыніцы «Нашай Нівы», тое адбылося са скрыпам і насуперак тагачаснаму кіраўніку Рады бяспекі Станіславу Засю.
Зорны час Мікалая Карпянкова і ягонага Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС, якое вісела на валаску ад расфарміравання, прыйшоўся на 2020 год.
Тады начальнік ГУБАЗіКа стаў адным з арганізатараў і выканаўцаў масавых рэпрэсій супраць беларускага народа.
У выніку 19 лістапада 2020-га ён быў павышаны Лукашэнкам у кіраўнікі ўнутраных войскаў МУС.
Імаверная пераможца прэзідэнцкіх выбараў 2020-га Святлана Ціханоўская, уладу якой Аляксандр Лукашэнка не перадаў, ініцыявала прызнанне ГУБАЗіКа тэрарыстычнай арганізацыяй, але на міжнародным узроўні тэма развіцця не атрымала.
25 верасня Мікалай Карпянкоў прысутнічаў на выпрабаваннях на «крапавы берэт» для байцоў Унутраных войскаў.
Чытайце таксама:
Карпянкоў наведаў лагер вагнераўцаў
«Аддадзена каманда на зачысткі». Карпянкоў расказаў, як сілавікі рыхтуюцца змагацца з апазіцыяй
Карпянкоў пра апазіцыю: Шалёныя сабакі, якія заслугоўваюць толькі аднаго — смерці