Спрабуюць зрабіць дзяржаўны пераварот у яшчэ адной афрыканскай краіне — медыя
Спробу дзяржаўнага перавароту спрабуюць здзейсніць вайскоўцы ў яшчэ адной афрыканскай дзяржаве — Рэспубліцы Конга. Пра гэта паведамляюць мясцовыя СМІ.
17.09.2023 / 20:53
Дэні Сасу-Нгесо (злева) быў адным з афрыканскіх лідараў, якія прыляталі да Пуціна ў Санкт-Пецярбург у ліпені гэтага года. Фота: Contributor / Getty Images
79-гадовы прэзідэнт краіны Дэні Сасу-Нгесо цяпер знаходзіцца ў Нью-Ёрку, а мясцовыя вайскоўцы, скарыстаўшыся ягонай адсутнасцю, сталі браць пад кантроль ключавыя аб'екты ў сталіцы.
У мясцовых сацсетках з'явілася інфармацыя, што за пераваротам можа стаяць кіраўнік прэзідэнцкай гвардыі генерал Серж Аба.
Дэні Сасу-Нгесо — адзін з афрыканскіх прэзідэнтаў-доўгажыхароў. Ён упершыню стаў кіраўніком краіны 8 лютага 1979 года, прычым гэта таксама стала вынікам дзяржаўнага перавароту. Калі б лічыць ягонае кіраванне ад гэтай даты, то Сасу-Нгесо сёння ўзначальваў бы спісак лідараў краін ва ўсім свеце паводле агульнага прэзідэнцкага стажу, бо лідар Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг Нгема Мбасога, які нядаўна прылятаў у госці да Лукашэнкі, прыйшоў да ўлады ў тым жа 1979-м, але толькі праз паўгода — 3 жніўня.
Аднак, у адрозненне ад Нгема Мбасога, прэзідэнцкі стаж Дэні Сасу-Нгесо перарываўся. Гэты лідар у сваёй палітыцы ў 1980-я гады арыентаваўся на СССР, і калі той, заняпаўшы, не змог болей падтрымліваць сваіх аўтарытарных сатэлітаў у Афрыцы, тыя, апынуўшыся ў складанай сітуацыі, мусілі з яе выблытвацца як хто ўмеў. Сасу-Нгесо быў сярод тых, хто не стаў у пачатку 1990-х трымацца за ўладу сілай, а правёў у жніўні 1992 года канкурэнтныя выбары, якія прайграў, набраўшы ўсяго 17%.
Але ў 1997 годзе ён ва ўмовах грамадзянскай вайны, якая разгарнулася пры кіраванні ліберальнага прэзідэнта Паскаля Лісуба, пры дапамозе войскаў суседняй Анголы здолеў зноў захапіць вярхоўную ўладу і з той пары яе не аддае. Натуральна, што ніякіх элементаў дэмакратыі ў такіх умовах у краіне не назіраецца.
Чытайце таксама:
Вайсковых аташэ 14 краін Афрыкі пакаталі ў Беларусі на трактары
У Беларусь прыляцеў прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі — рэкардсмен па ўтрыманні ўлады ў сучасным свеце