«Гэта вельмі ўразлівая мадэль». Пашынян заявіў, што Арменія больш не можа спадзявацца на Расію
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян у інтэрв'ю выданню Politico заявіў, што ягоная краіна больш не можа спадзявацца на Расію як на гаранта бяспекі, нават нягледзячы на рост боязі праз аднаўленне канфлікту з Азербайджанам.
13.09.2023 / 20:08
Нікол Пашынян у Маскве 25 мая 2023 года. Фота: Contributor / Getty Images
«У выніку падзей ва Украіне магчымасці Расіі змяніліся… Арменія больш не можа спадзявацца на Маскву як на гаранта сваёй бяспекі, нават нягледзячы на тое, што расце асцярога з нагоды аднаўлення адкрытага канфлікту з Азербайджанам», — сказаў Пашынян.
Ён назваў «няўстойлівым» падыход, калі ў выпадку абвастрэння канфлікту кожны раз даводзіцца заклікаць Расію ў якасці гаранта бяспекі. Цяпер, паводле Пашыняна, стратэгія Арменіі заключаецца ў тым, каб максімальна знізіць «залежнасць ад іншых».
«Мадэль, згодна з якой у нас узнікаюць праблемы з нашымі суседзямі, і мы павінны запрашаць іншых абараніць нас — усё адно, хто гэтыя іншыя, — ёсць вельмі ўразлівай мадэллю», — адзначыў армянскі прэм'ер.
У інтэрв'ю ён успомніў падзеі верасня 2022 года. «Азербайджан атакаваў тэрыторыю Арменіі, захопліваў тэрыторыі, а саюзнікі маўчалі і не рэагавалі».
У сувязі з гэтым, як адзначыў Пашынян, Арменіі давялося пайсці на дамоўленасць, каб «зафіксаваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць».
3 верасня ў інтэрв'ю італьянскаму выданню La Repubblica Нікол Пашынян казаў, што цяпер «Расія мае патрэбу ў зброі і боепрыпасах», таму «нават калі б захацела, не змагла б забяспечыць патрэбы Арменіі ў сферы бяспекі».
Чытайце таксама:
Пуцін: Калі Арменія прызнала, што Карабах — частка Азербайджана, то пра што размова?
Масква наважылася на канфрантацыю з Арменіяй
У Арменіі затрымалі прарасійскага блогера і журналіста «Спутніка»