Старшыню БКДП Аляксандра Ярашука пераводзяць у крытую турму

Старшыню Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука пераводзяць са шклоўскай калоніі ў крытую турму ў Магілёве. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазнякоў са спасылкай на звесткі, атрыманыя ад самога Ярашука.

12.09.2023 / 14:50

Аляксандр Ярашук і Сяргей Антусевіч у судзе. Фота: БелТА

«Ведаем, што яму дастаецца, на яго ад пачатку моцна ціснулі і цяпер не адчапіліся. За што кідаюць у «крытку« (крытую турму. — РС), пакуль нам невядома. Але зразумела, што падставу знойдуць, калі ёсць загад. Перавод у крытую турму для яго, чалавека ўжо пенсійнага ўзросту, азначае новыя выпрабаванні. Разумеем, што ў маральным і ў фізічным сэнсе крытая турма — гэта значна цяжэй, чым калонія. Але даходзяць звесткі, што ён трымаецца мужна», — расказаў актывіст.

Аляксандр Ярашук нарадзіўся ў 1951 годзе. Лідара БКДП арыштавалі ў красавіку 2022 года і асудзілі на 4 гады зняволення паводле 342 і 361 артыкулаў Крымінальнага кодэкса — за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і «заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам краіны». Сваёй віны Аляксандр Ярашук не прызнаў, праваабаронцы Беларусі прызналі яго палітвязнем.

З праблемамі са здароўем сутыкнуліся ў няволі іншыя лідары незалежнага прафсаюзнага руху, паведаміў Максім Пазнякоў.

«Ведаем, што ў Генадзя Фядыніча, якога трымаюць у бабруйскай калоніі № 2, пачаліся праблемы з ныркамі, а ў яго яшчэ і цукровы дыябет. У Васіля Бераснева, які ў 15-й калоніі пад Магілёвам, таксама хворыя ныркі.

Там жа адбывае тэрмін ажно ў 8 гадоў Вацлаў Арэшка.

У яго вельмі складанае становішча са зрокам, адным вокам зусім не бачыць».

Усяго ў вязніцах цяпер знаходзіцца 51 актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі. Паводле Максіма Пазнякова, які за мяжой часова выконвае абавязкі старшыні БКДП, пра ўсіх зняволеных паплечнікаў у кангрэсе стараюцца сабраць звесткі, па магчымасці падтрымліваюць кантакты з імі праз сваякоў. Праўда, гэта не заўсёды ўдаецца.

«Большасць нашых палітвязняў — гэтыя тыя, каго ўжо асудзілі і яны знаходзяцца ў калоніях. Ад некаторых прыходзяць лісты, бываюць званкі на волю. Але не ад усіх. Вось у Аляксандра Ярашука нават званкі абмяжоўвалі. Часам бывае і так, што сваякі вязняў просяць пра іх нічога не паведамляць у медыя, асцерагаюцца. Неўзабаве адзін актывіст мусіць выйсці на волю, дык пра яго просяць маўчаць. Гэта што тычыцца калоній.

Але ёсць і тыя калегі, каго адносна нядаўна затрымалі і яны яшчэ пад следствам, як актывісты з «Нафтана» Вольга Брыцікава, Аляксандар Балонкін і Аляксандр Кухаронак. Ведаем пра іх, што яны ў віцебскім СІЗА. Умовы там складаныя, але яны трымаюцца».

Паводле Максіма Пазнякова, сёлета варта чакаць больш рашучых дзеянняў, нацэленых на вызваленне беларускіх прафсаюзных актывістаў, з боку Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

«Сёлета МАП прыняла рэзалюцыю аб Беларусі, у якой размова ідзе пра ўжыванне адносна беларускага ўрада 33-га пункта статута МАП. Гэтым пунктам прафсаюзным арганізацыям, якія ўваходзяць у МАП, у адказ на парушэнне ў пэўнай краіне права на прафсаюзныя аб’яднанні рэкамендавана аказваць на яе ціск праз санкцыі, байкоты, кампаніі салідарнасці працоўных. Гэтая пазіцыя даведзеная да розных краін, і мы чакаем, што неўзабаве яна пачне даваць плён», — сказаў Максім Пазнякоў.

Чытайце таксама:

«Фядыніч нармальна, а вось у Арэшкі праблемы» — невясёлыя навіны ад палітзняволеных прафлідараў

Прысуды лідарам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў пакінулі без зменаў

Ярашуку — 4 гады, Антусевічу — 2, Бут-Гусаім — 1,5. Вынесены прысуд кіраўнікам БКДП

Nashaniva.com