У Варшаве затрымалі 20-гадовага беларуса, які прадстаўляўся работнікам банка і выманьваў грошы

Нашаму суайчынніку пагражае да васьмі гадоў турмы.

09.09.2023 / 09:21

Фота: Варшаўская паліцыя

У Варшаве затрымалі 20-гадовага беларуса, які падазраецца ў махлярстве, учыненым дыстанцыйна з выкарыстаннем новых тэхналогій, піша сайт «Беларусы і свет».

У жніўні ў аддзяленне паліцыі горада Отвацк паступіла заява ад мужчыны, які стаў ахвярай падману. Зламыснікі, назваўшыся супрацоўнікамі банка, паведамілі, што яго грошы знаходзяцца пад пагрозай. У выніку пацярпелы страціў 31 800 злотых (7 000 еўра).

Следчыя ўзяліся за справу і праз некалькі дзён высветлілі асобу яшчэ адной ахвяры, якая страціла больш за 19 500 злотых (4 300 еўра).

Вартавыя парадку адсачылі шлях грошай, што ў спалучэнні з сучаснымі метадамі працы прывяло іх да месца, дзе знаходзіўся віноўнік злачынства. Была праведзена аперацыя, якая завяршылася затрыманнем у варшаўскім раёне Прага-Паўночная нашага суайчынніка.

Падчас ператрусу праваахоўнікі канфіскавалі гатоўку на суму 45 370 злотых, 210 еўра і 1 772 даляры, а таксама банкаматныя карты і мабільны тэлефон.

Затрыманаму выставілі абвінавачанні ў двух выпадках махлярства, за якія пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Ён прызнаў сябе вінаватым у адным з выпадкаў. Хлопца змясцілі пад варту на тры месяцы.

Чытайце таксама:

Тэлефонныя махляры развялі жанчыну з Баранавічаў на грошы, а таксама загадалі спаліць у духоўцы ноўтбук — «пакаралі за палітычныя погляды»

Махляры аформілі крэдыт на мінчанку. Але яна паспела яго скасаваць

Махляры выманьваюць грошы не толькі ў малаадукаваных людзей ці пенсіянераў. Вось яшчэ адна схема, на якую можа папасціся кожны

Nashaniva.com