Тэлефонныя махляры развялі жанчыну з Баранавічаў на грошы, а таксама загадалі спаліць у духоўцы ноўтбук — «пакаралі за палітычныя погляды»
53-гадовай жанчыне з Баранавіцкага раёна патэлефанавалі ў месенджары і паведамілі, што хтосьці аформіў нібыта на яе імя тры крэдыты. Для скасавання транзакцый па ўказанні махляроў яна аформіла ў банку крэдыт на 11,5 тысяч рублёў і перавяла грошы на падкантрольны ім рахунак, піша Следчы камітэт.
Затым аферысты пераканалі жанчыну ўсталяваць у мабільным тэлефоне праграму для дыстанцыйнага доступу да прылады, пасля чаго самастойна аформілі крэдыт на 12 тысяч рублёў, якія жанчына зноў перавяла на рахунак махляроў.
Гэтага зламыснікам здалося мала, піша СК, і яны пацікавіліся ў пацярпелай пра яе палітычныя погляды. Пачуўшы, што меркаванне жанчыны па многіх пытаннях разыходзіцца з іх пазіцыяй, вырашылі ёй адпомсціць, даводзіць СК.
Ашуканцы паведамілі, што ўцечка асабістай інфармацыі адбылася праз яе ноўтбук. У сувязі з чым сказалі жанчыне спаліць ноўтбук у духоўцы. На патрабаванне злачынцаў жанчына транслявала тое, што адбывалася, пры дапамозе відэасувязі.
Калі жанчына спаліла свой ноўтбук, у выніку чаго духоўка зламалася, кіберзлачынцы паведамілі, што гэта будзе ёй урокам за няправільныя палітычныя погляды, пасля чаго завяршылі размову, піша прэс-служба СК.
Заведзена крымінальная справа па ч. 3 арт.209 (махлярства, здзейсненае ў буйным памеры). Праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.
СК зазначае, што выкананне простых правілаў дапаможа мінімізаваць негатыўныя наступствы сустрэчы з віртуальным ашуканцам.
Самае эфектыўнае рашэнне — не прымаць званкоў з незнаёмых нумароў. Калі званок з невядомага нумара важны або тэрміновы, чалавек абавязкова пакіне галасавое або тэкставае паведамленне, каб вы ператэлефанавалі.
Ніколі не варта перадаваць па тэлефоне інфармацыю, якая адносіцца да персанальных звестак, такую як пашпартныя даныя, нумары банкаўскіх карт, паролі і коды доступу.
Ніякая легітымная арганізацыя не будзе прасіць вас даць такую інфармацыю па тэлефоне. Калі вам здаецца, што вас спрабуюць падмануць, даверцеся інтуіцыі і не саромейцеся завяршыць размову або адмовіцца ад прадастаўлення асабістай інфармацыі. Важна памятаць, што вы маеце права на сваю канфідэнцыйнасць і бяспеку, а ад любых прапаноў па тэлефоне варта адмаўляцца.
Каментары
Но позвонили мне всего один раз два года назад.
Естественно, безрезультатно )
Что я делаю не так?....