Адыход тэмы ПВК «Вагнер» на другі план не азначае, што пра яе забыліся ў Польшчы — дарадца Дуды
«Нельга ніякім чынам недаацэньваць таго, што адбываецца ў Беларусі і ў Расіі», — кажа Марцін Пшыдач.
08.09.2023 / 10:53
Марцін Пшыдач. Скрыншот трансляцыі
Польскі бок сочыць за сітуацыяй і гатовы распачаць патрэбныя крокі ў выпадку неабходнасці. Пра гэта ў эфіры Польскага радыё распавёў кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач, паведамляе Reform.by.
«Нельга ніякім чынам недаацэньваць таго, што адбываецца ў Беларусі і ў Расіі. І гэтая смерць некалькіх камандзіраў у цэлым не вырашае праблему, а яшчэ больш ускладняе. Могуць пачацца розныя ўнутраныя [рухі], ужо пачынаюцца нейкія ўнутраныя рухі, рост напружання», — сказаў ён.
З ягоных слоў, вагнераўцы не сыходзяць з парадку дня, нават калі прадстаўнікі польскіх уладаў кажуць пра ПВК апошнім часам не так часта.
«Пэўнага роду нестабільнасць, хутчэй, нарастае, чым спадае. Па-другое, палітыка Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ніякім чынам не змянілася.
Тое, што мы апошнія пару дзён не казалі пра гэта так часта, не азначае, што там не вядзецца розная падрыхтоўка, планы, аналізы. Мы ў вельмі далікатным перыядзе, далікатным у кожнай дэмакратыі: заўсёды перыяд выбарчай кампаніі і перыяд пасля яе, фарміраванне ўрада — гэта пэўны момант нестабільнасці. Але мы, як Польшча, аналізуем гэтую сітуацыю, глядзім, назіраем, мы гатовыя і ўпэўненыя ў тым, што зможам адрэагаваць на розныя пагрозы», — сказаў ён.
У канцы жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі ўзгаднілі механізмы закрыцця мяжы з Беларуссю на фоне з'яўлення групы «Вагнер» у нашай краіне. Аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску могуць быць зачыненыя ў выпадку ўзброенага інцыдэнту на мяжы або спробы масавага прарыву мігрантаў.
Чытайце таксама:
Наўседа наведаў літоўска-беларускую мяжу: «сітуацыя з непрадказальным суседам застаецца напружанай»