У Белавежскай пушчы расказалі, як і дзе жывуць барсукі
У Нацыянальным парку навукоўцы праводзяць улік гэтых сімпатычных жывёл, піша БелТА.
05.09.2023 / 12:52
Фота: npbp.by
Супрацоўнікі навуковага аддзела Нацыянальнага парку праводзяць улік барсукоў, выкарыстоўваючы метад выяўлення жылых паселішчаў.
У сваёй нары гэты звярок жыве цэлы год, у адрозненне ад іншых норных драпежнікаў.
«Звычайна ўлік норных драпежнікаў павінен праводзіцца адзін раз на тры гады. Пакуль што з 90 паселішчаў барсука ў Белавежскай пушчы (даныя інвентарызацыі 2019-2020 гадоў) абследавана больш за 50, з якіх жылых — больш за 30», — распавялі ў Нацпарку.
Маніторынгавыя назіранні працягнуцца. Канчатковыя вынікі інвентарызацыі барсуковых паселішчаў навукоўцы атрымаюць да канца гэтага года. Такі ўлік вельмі важны для правядзення ахоўных мерапрыемстваў у месцах пражывання чырванакніжных жывёл.
Барсук вядзе падземны лад жыцця. Гэтыя драпежнікі могуць вырыць норы з мноствам адгалінаванняў, за што часцяком іх яшчэ называюць барсучынымі мястэчкамі.
У такім жыллі бывае некалькі ўваходаў, а на глыбіні 2-3 метраў размяшчаюцца гнездавыя камеры, дзе ў звяркоў нараджаецца патомства, дзе яны адпачываюць ці проста спяць.
Увесну і ўвосень барсукі робяць у сваіх норах генеральную ўборку, асабліва старанна рыхтуюцца да зімовай спячкі. Дарэчы, напярэдадні зімы яны ўзмоцнена сілкуюцца, каб назапасіць у арганізме тлушч.
У кастрычніку-лістападзе барсукі ўпадаюць у спячку, якая доўжыцца чатыры-пяць месяцаў.
Чытайце таксама:
У Беларусі створаць новую Чырвоную кнігу і выключаць з яе некаторыя віды
Таксіст спрабаваў аб'ехаць барсука. І жывёла загінула, і аўтамабіль перакуліўся