Сетка супермаркетаў у Вялікабрытаніі адклікае пячэнне, бо спасылка на яго ўпакоўцы вядзе на сайт для дарослых
У канцы жніўня брытанскае аддзяленне Lidl вымушана было зняць з продажу чатыры віды печыва ва ўпакоўцы ў стылі папулярнага дзіцячага мультфільма «Шчанячы патруль»: выявілася, што спасылка на сайт вытворцы вядзе на сайт з порна. Як так атрымалася?
01.09.2023 / 16:37
Папярэджанне сеткі крамаў Lidl. Фота: Х (былы Twitter) @WhichUK
Як піша Le Monde, пакупнікі могуць вярнуць тавары ў найбліжэйшую краму і атрымаць свае грошы назад. Прычынай гэтага ёсць спасылка, размешчаная на ўпакоўцы з печывам, якая павінна накіроўваць на сайт вытворцы. У яе тэксце змяшчаецца слова «дзеці» (kids). Аб тым, што спасылка насамрэч перанакіроўвае на порнасайт, размешчаны ў Кітаі, абураныя бацькі паведамілі выданню The Sun.
Што ж стала прычынай гэтага скандалу? Хакерская атака, зламыснае ўмяшанне, чалавечы фактар?
Не, усё значна прасцей: фабрыка, што выпускала гэта печыва, спыніла сваё існаванне ў 2022 годзе. На пакунку з прадукцыяй, якая яшчэ не сапсавалася, была спасылка на «правільны» сайт, але прадпрыемства пасля закрыцця спыніла аплату паслуг хостынгу.
Звычайна толькі што закрыты сайт з вялікай колькасцю наведвальнікаў прываблівае тых, хто хоча з мінімальнымі выдаткамі стварыць порнасайты, сайты азартных гульняў або сайты-ашуканцы.
На працягу некалькіх месяцаў сайт усё яшчэ захоўвае добрае месца ў пошукавых сістэмах, а спасылкі, якія вядуць да яго, застаюцца актыўнымі, нават калі яго змест цалкам змяніўся.
Аўтаматызаваныя прылады дазваляюць адсочваць даменныя імёны, тэрмін дзеяння якіх толькі што скончыўся, а таксама ацэньваць іх трафік. Гэта дае магчымасць нядобрасумленным прадпрымальнікам выкупляць іх за некалькі еўра. Гэта свайго роду кіберсквотынг — выкарыстанне чужога даменнага імя ў карыслівых мэтах.
Чытайце яшчэ:
Буйныя гандлёвыя сеткі — фабрыка стварэння адкідаў. І яны ўпарцяцца
Як у Францыі спрабуюць абмежаваць доступ непаўналетніх да парнаграфіі