Цуд у Джакарце: зборная Латвіі вырвала на апошніх хвілінах перамогу ў Іспаніі
Зборная Іспаніі — дзейны чэмпіён свету па баскетболе.
01.09.2023 / 15:06
Фота: FIBA
Сусветнае першынство праводзіцца адразу ў трох краінах: у Інданезіі, на Філіпінах і ў Японіі.
Латвійцы на папярэднім этапе перамаглі Ліван, на апошніх секундах вырвалі перамогу ў Францыі (88:86), прайгралі моцнай Канадзе і выйшлі ў наступны этап.
Сёння Латвія здолела на апошніх хвілінах вырваць перамогу ў Іспаніі — чэмпіёна свету 2019 года.
Латвія вяла пасля першай чвэрці адно ачко, потым іспанцы выйшлі наперад і пасля трох чвэрцяў лік быў 58:47 на карысць пірэнейскай зборнай.
У апошняй чвэрці Латвія здзейсніла немагчымае: спачатку зраўняла лік 61:61, а пры ліку 68:65 выйшла наперад і перамогу ўжо не аддала — 74:69.
Самымі выніковымі ў Латвіі сталі Давіс Бертанс (гэта адзіны гулец зборнай, які выступае ў НБА) з 16 ачкамі і Радыён Куруц з 13 ачкамі і 8 падборамі. У Гражуліса, Шмітса і Зорыкса — па 11 ачкоў.
Нашы паўночна-заходнія суседзі маюць неблагія шанцы на 1/4 фіналу. У нядзелю яны згуляюць з Бразіліяй. Сёння ў гэтай групе будзе згуляны яшчэ адзін матч Канада — Бразілія.
Чытайце таксама:
Зборная Літвы выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету па баскетболе
У Вільні прайшоў беларускі турнір па баскетболе
Баскетбольную зборную Беларусі не дапусцілі да лёсавання Еўра-2025