Украіна атрымае першыя дзесяць танкаў Abrams ужо ў гэтым месяцы
Заходнія афіцыйныя асобы спадзяюцца, што атрыманне танкаў дасць кіеўскім сілам перавагу, неабходную для прарыву абарончых умацаванняў Расіі ў ходзе контрнаступу.
01.09.2023 / 09:57
Фота: aerospace.honeywell.com
Украіна павінна атрымаць першыя дзесяць з 31 абяцанага танка «Абрамс» у сярэдзіне верасня, піша Бі-бі-сі са спасылкай на Politico.
Заходнія афіцыйныя асобы спадзяюцца, што атрыманне танкаў дасць кіеўскім сілам перавагу, неабходную для прарыву абарончых умацаванняў Расіі ў ходзе контрнаступу.
Са слоў прадстаўніка Мінабароны ЗША, дзесяць танкаў цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне на завяршальным этапе рамонту.
Як толькі ўсё будзе гатова, яны будуць адпраўленыя ва Украіну.
Каля 200 украінскіх вайскоўцаў прайшлі навучанне на навучальных танках на палігонах у Нямеччыне, паведамляў 18 жніўня афіцыйны прадстаўнік Пентагона палкоўнік Марцін О'Донэл.
M1 Abrams — сучасны асноўны баявы танк, на якім устаноўлена адна з самых дасканалых (і складаных) сістэм кіравання агнём, якая ўключае і лазерныя дальнамеры, і прыборы начнога бачання, і бартавы камп'ютар, які дапамагае выбіраць цэлі і наводзіцца на іх.
Галоўны мінус «Абрамса» — яго вялікая вага, гэта адзін з самых цяжкіх у свеце танкаў. Яго, імаверна, будзе даволі складана выкарыстоўваць на бездаражы.
Чытайце таксама:
ЗША закупяць для Украіны ракеты AMRAAM. Што пра іх вядома
Столтэнберг: Украінцы ўжо пераўзыходзілі чаканні, трэба ім давяраць