У Leibonik выйшаў новы кліп — з раставым касцюмам слімака і Амстэрдамам
Гурт Leibonik выпусціў відэа на песню Slimak. Гэта другі трэк калектыву з новага «эмігранцкага» альбома «ТАМ».
30.08.2023 / 16:10
У кліпе на песню саліст гурта Сяргей Башлыкевіч ходзіць па Амстэрдаме ў раставым касцюме слімака і з пластырам у крапінку на носе, а таксама танцуе на зялёным лужку. У сацсетках ён ахарактарызаваў гэты трэк такім чынам: «Slimak — ледзь не адзіная песня ў альбоме, ад якой мне не балюча. І менавіта для гэтай песні я напісаў некалькі радкоў, якія сам ганарліва лічу аднымі з найлепшых у сябе. А вам як?»
Прыпеў песні гучыць вось так:
Растаманы, хой, слізь пакідаю за спіной!
Харашо быць слімаком — усё сваё важу з сабой.
Ці лепш ператварыцца мне ў чалавека-смоўжа?
Без нічога голым поўзаць — харашэчна, боўжа!
Растаманы, ёў, усім прыветы ад грыбоў!
Усё, што маю, — успаміны і даволі шмат сяброў.
Заўтра жа гатовы ехаць хоць да чукчаў, хоць да чэхаў.
Бруханогія, па конях! Рукі ў ногі — і паехаў!
Як патлумачыў у сацсетках Башлыкевіч, альбом «ТАМ» ужо рыхтуецца да адгрузкі на стрымінгі і з’явіцца там праз некалькі дзён.
«Мінск нібыта стаў пустым». Як цяпер жывуць тусовачныя Зыбіцкая, Кастрычніцкая і Рэвалюцыйная