«Толькі панізіш свой узровень тэстастэрону, якога і так у краіне не хапае». Павел Аракелян наракае на павярхоўнасць беларусаў, але не шкадуе сябе
Адзін з найлепшых беларускіх джазавых музыкаў Павел Аракелян да апошняга часу не хацеў пакідаць краіну. Тым не менш з паўгода таму джазмен з досведам дваравых канцэртаў у 2020-м перабраўся ў Літву. Аракелян распавёў «Нашай Ніве» пра перажытае ў Беларусі і няпросты працэс прывыкання да новых рэалій.
«Не мог сабе дазволіць сядзець проста так»
Аракелян — адзін з тых, хто заставаўся ў Беларусі да апошняга. Для сябе ён гэта вызначаў так — не з’еду, пакуль мой народ змагаецца. Цяпер музыка лічыць, што адкладаў ад’езд значна даўжэй, чым планавалася. «Я заставаўся ў краіне яшчэ шмат часу пасля таго, як беларусы перасталі змагацца. Дзесьці ў сярэдзіне 2021 года стала цалкам зразумела, што ўсё, людзі жывуць сваё жыццё ў тых умовах, у якіх апынуліся», — кажа ён.
Павел успамінае, як пратэсны рух пакрысе сціхаў, людзі ад яго адвальваліся. І цяпер, на думку музыкі, мы дайшлі да пункта, калі асаблівых спосабаў змагацца ўжо няма. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пратэсты часова актываваліся, былі і рэйкавыя партызаны, але гэта была меншасць, як кажа Аракелян. Пасля сярэдзіны 2021 года максімальна магчымым пратэстам стала нешта намаляваць у пад’ездзе, калі навокал нікога няма, і, паводле музыкі, наўрад ці гэта можна назваць выніковым змаганнем.
Што да праяў салідарнасці, якія былі часткай народнага ўздыму ў 2020-м, джазмен, хутчэй, верыць у іх існаванне за межамі Беларусі.
«На побытавым узроўні людзі часам дапамагаюць адно аднаму, але гэта ўсё не вылілася ў нешта глабальнае, у такі трэнд, які дазволіў бы беларусам адчуваць сябе ўпэўнена.
Журналістам-палітвязням дапамагаюць іх медыя, але збольшага ўся салідарнасць засталася на побытавым узроўні. У цябе сядзіць сябар — дапамагаеш яго жонцы, бацькам капейчынай, але не больш.
Была хваля салідарнасці, а цяпер, — кажа Аракелян, — людзі ў Беларусі разумеюць сітуацыю, але нічога глабальнага не адбываецца. Паціхеньку падтрымліваюць адно аднаго, і ўсё».
Калі Павел зрабіў выснову, што беларусы змірыліся, ён вырашыў не чакаць нейкіх змен у краіне. Лічыў важным паклапаціцца пра немаладую маму, пра кошку-дыябетыка. Ён тлумачыць: калі б яго зняволілі ў 2020-м, знайшліся б людзі, якія дагледзелі б яго блізкіх. У 2022-м такая дапамога ўжо здавалася малаімавернай.
А таксама Аракеляну, як гэта бывае з актывістамі, паступіў сігнал аб небяспецы. З ім звязаўся незнаёмы чалавек, былы супрацоўнік КДБ, і папярэдзіў: сістэма ўжо мае матэрыялы, каб завесці на музыку крымінальную справу.
Быў верасень 2022-га, і новы знаёмы джазмена быў дужа здзіўлены, што той яшчэ на волі. Спытаўся, ці гатовы Павел трапіць за краты.
Як сведчыць музыка, ён быў да гэтага гатовы ўвесь час: «Адзінае, не мог сабе дазволіць сядзець проста так.
Недзе ў канцы 2020 — пачатку 2021 года адчуваў сябе чарговым сімвалам, які павінен заставацца ў краіне, бо калі ўсе, хто адседзеў суткі, зараз з’едуць, што будзе? Але закон шоўбізу такі: калі ты ў медыя, ты — сімвал. А я столькі часу не быў у медыя, што пра мяне ўсе збольшага забыліся».
Каб мець сродкі на жыццё, мужчына прадаваў свае музычныя інструменты: саксафон-тэнар, сапрана-саксафон, трубу і флюгельгорн.
Гучыць як начны кашмар музыкі, але Павел згадвае, што рабіў гэта ўсё без глыбокіх перажыванняў: «Проста расстаўляў прыярытэты, разумеў, што ёсць больш і менш важныя рэчы, тое, што трэба рабіць.
А сядзець і рэфлексаваць я сабе забараняю, не плачу над жыццём уначы. Гэта контрпрадуктыўна, асабліва калі гаворка пра жаль да сябе, дык ты толькі знізіш свой узровень тэстастэрону, якога і так у краіне не хапае.
Мушу прадаць інструменты — прадаю, будзе патрэба і шанец — набуду».
«Калі ты ябацька, які табе джаз?»
Для новага жыцця Павел выбраў Вільню. Рабіў гэта дзеля матулі, бо немаладой жанчыне ў гэтым горадзе мусіць быць прасцей адаптавацца: блізка да Беларусі, частка насельніцтва ведае рускую, беларускую, украінскую мовы. Калі б пераязджаў адзін, разважае Павел, ён паехаў бы далей ад Беларусі, напрыклад, меў запрашэнне папрацаваць у Германіі.
Тыя ж нямецкія калегі, што клікалі да сябе, дапамаглі і прыдбаць у Літве страчаныя ў пасляпратэснай Беларусі інструменты. Першыя дні Аракеляна ў Літве аказаліся зусім складанымі. «Праз тыдзень пасля таго, як я перавёз у Вільню матулю з коцікам, яна ўпала, зламала плячо і сцягно, спатрэбіліся шалёныя грошы на лячэнне, бо беларуская страхоўка не спрацавала. І тады мае калегі зладзілі ў Германіі нейкія дабрачынныя канцэрты, блізкія сябры таксама дапамаглі, паспрыяла і арганізацыя Freedom House. Тады ўдалося падлячыць матулю і набыць інструмент, хаця і танненькі, бо для працы ён патрэбны», — апавядае ён.
Ужо ў першы дзень па прыездзе ў Вільню Аракелян адыграў на джэм-сэйшне, бо хацелася хутчэй інтэгравацца ў мясцовую музычную тусоўку. Гэта асаблівы тып канцэртаў, дзе збіраюцца музыкі, мясцовыя і госці, і кожнаму даецца прастора для таго, каб выйсці і пайграць, паімправізаваць, нават калі гаворка пра зусім невядомага артыста.
Павел Аракелян расказвае, што на канцэрт яго ледзьве не за руку адвяла сяброўка, літоўская музыкантка Ева Баранаўскайце. Напачатку было цяжкавата, бо два гады джазмен не меў практыкі, але потым уцягнуўся. Падчас такіх падзей, як кажа Аракелян, ты пачынаеш іграць, знаёміцца, і людзі бачаць, што ты нармальны чалавек і добры музыка, завязваюцца кантакты.
Паўла можна пабачыць на імпрэзах у Jazz Cellar — месцы, якое ён называе галоўным віленскім джаз-клубам. Адзначае, што там дужа цікавая культура, якой вельмі не хапала ў Мінску, бо ў ім ніколі не было сапраўдных джаз-клубаў.
Павел агаломшвае рэаліямі беларускай джаз-сцэны: «Часам там падманваюць публіку, прывозяць не тых музыкаў, якіх абяцаюць, ды і проста ў беларускім джазе ёсць ябацькі.
Калі ты чырвона-зялёны ябацька, якое ты можаш мець дачыненне да джаза? Гэта аксюмаран. Як можна граць музыку свабоды, калі ты супраць свабоды? Тое, што рабіў Фінберг, таксама не мае да джаза ніякага дачынення. Падазраю, што такія людзі ёсць і ў Літве, але бачу, што збольшага тут усё арганізоўваецца на вельмі якасным узроўні».
А ў Вільні, як расказвае Аракелян, людзі ведаюць, што такое джаз і добрая музыка. Будзеш падманваць і дрэнна граць — будзеш цалкам незапатрабаваны як артыст.
Джазмен упэўнены, што соцыум не мае права дараваць ману і адсутнасць якасці. Такі падыход, кажа ён, і выліваецца ў парадыгму «няхай будзе як ёсць», «абы не было вайны» і гэтак далей.
«Нават калі публіка не мае досведу і магчымасцей з чымсьці параўнаць тое, што бачыць і чуе, яна разумее, калі да яе ставяцца з душой. Публіка не дурная, яна, калі і скарміць адзін раз абы-што, больш не вернецца», — кажа музыка.
«Чорны квадрат» — глупства? Чамусьці ты яго не намаляваў»
У цяперашняй Беларусі, упэўнены Аракелян, музыка непатрэбная. Як можа быць інакш, пытаецца ён, калі ў краіне не дазваляецца ніякай свабоды самавыяўлення?
Павел згадвае, што яму і ў 2020-м, у атмасферы забойстваў і гвалту было не да музыкі, але ж для яго яна стала сродкам яднання з людзьмі, і таму ён выступаў, напрыклад, на дваравых канцэртах. Цяпер жа, расказвае джазмен, перад канцэртамі ў Беларусі ўвогуле трэба шмат чаго ўзгадняць, і гэта не пра творчасць, а пра суіснаванне рамеснікаў з тэрарыстамі.
«У нас унікальная сітуацыя: дыктатар ненавідзіць тытульную нацыю. Я пра такое не чуў. Ён ненавідзіць усё нацыянальнае, і таму гэта акупацыя, і яна пачалася ўжо даўно. Яны давалі нам нейкі час, на нешта не звярталі ўвагі, але цяпер ім дадзена ўсёдазволенасць. Маўляў, бачыце беларусаў — біце іх, дзейнічайце з імі як мага больш жорстка. Нарэшце ўсе гэтыя сілавыя структуры робяць тое, што хочуць.
Дык што можна цяпер ствараць у Беларусі, якая творчасць? Напісаць пару вершаў у шуфлядачку? Для мяне гэта немажліва», — тлумачыць Аракелян.
У такой Беларусі поўныя залы збіраюць зусім не джазмены, а артысты накшталт Грыгорыя Лепса, які сабраў некалькі месяцаў таму поўную «Мінск-Арэну». Павел называе гэта вынікам таго, у якой інфармацыйнай і культурніцкай прасторы варыліся беларусы ў савецкія і постсавецкія часы. Ён прыводзіць у прыклад Літву — краіну, дзе менш за тры мільёны насельніцтва, але існуе самадастатковы шоўбіз. У Беларусі сваё доўгі час лічылася другасным, а на першы план выходзіў створаны ў Расіі культурніцкі прадукт, і цяпер мы пажынаем плады гэтага.
У параўнанні з Мінскам Вільня цяпер як Нью-Ёрк, мяркуе Аракелян, у гэтай сталіцы зусім іншая колькасць топавых музыкаў.
Адкуль усё гэта? «Бо людзі шанавалі сваё, таму што заплацілі за гэта крывёй, а беларусы не заплацілі, не былі гатовыя гэта зрабіць і дагэтуль, на жаль, не гатовыя.
У культуры амаль кожнага з нашых суседзяў, часам у гімне, ёсць варыяцыя фразы «воля або смерць», і толькі ў беларусаў гэтага няма. Значыць, лепей няволя? То і будзем у ёй знаходзіцца, пакуль не заплацім цану сваёй крывёй і пакуль гэта не пачнуць шанаваць усе тыя, хто заплаціць не здолеў», — сцвярджае ён.
Віленскіх музыкаў Павел апісвае як цалкам еўрапейскіх па мысленні, здольных вельмі шмат эксперыментаваць. Беларускія калегі, кажа ён, баяцца выходзiць за рамкі дазволенага: маўляў, што па нотах — добра, што не па нотах — не вельмі. Літоўцы ж робяць шмат цікавых праектаў, маюць багата адукацыйных праграм, замежных стажыровак, у краіну прывозяць прафесуру для майстар-класаў.
Інфармацыя для літоўскіх музыкаў каштуе дорага, таму маладыя выканаўцы з ахвотай ловяць кожную драбнічку інфармацыі ад больш дасведчаных калег, у Беларусі такога і блізка не было.
«Тут на джэм-сэйшн прыходзяць артысты па 16—17 гадоў, потым ты іх бачыш праз 2—3 тыдні на іншым джэм-сэйшне, а яны ўжо на галаву выраслі. Ёсць і здаровая канкурэнцыя, і прага да развіцця, і павучыцца ёсць у каго.
Больш за тое, у плане імправізацыйнай музыкі Літва цяпер нароўні з Германіяй дыктуе свае правілы амаль што ўсёй Еўропе. І гэта нягледзячы на тое, што Літва — адна з самых маленькіх краін на кантыненце», — дзівіцца Аракелян.
Павел тлумачыць, што ў віленскай кансерваторыі ёсць факультэт імправізацыйнай музыкі, дзе студэнты вучацца граць без нот, лавіць вайб адно аднаго. Гэта і ёсць сутнасць музыкі, упэўнены джазмен, тое, што дапамагае працаваць у любых яе стылях, ствараць рок ці вальсы: уменне адчуваць вайб, настрой і атмасферу, метафізічную частку музыкі.
Аракелян параўноўвае гэта з выяўленчым мастацтвам: «Часам кажуць, маўляў, «Чорны квадрат» — глупства, я таксама так магу. Але чамусьці ты не намаляваў гэты «Чорны квадрат», яго намаляваў Малевіч, і ён каштуе мільёны даляраў».
«Калі нічога не зменіцца, тыя ж людзі, якія ў 2020-м хадзілі пад бэчэбэ-сцягам, абяруць сабе другога Лукашэначку»
Джазмен гатовы прымяняць літоўскі досвед у Беларусі і з захапленнем расказвае, як у нашу краіну можна было б вазіць файных музыкальных педагогаў, ладзіць канцэрты. У плане геаграфіі мы знаходзімся ля еўрапейскай сям’і краін, засталося толькі наблізіцца да яе ў ладзе жыцця, і тады можна пераймаць заходнюю музычную навуку. Аракелян ахвотна заняўся б гэтым — ён упэўнены, што беларусы маюць адпаведны патэнцыял, і ўжо спрабаваў арганізоўваць на радзіме канцэрты.
З другога боку, жыццё ў змаганні стаміла музыку. Ён разважае:
«Пытанне ў тым, наколькі гэта [дыктатура ў Беларусі] зацягнецца. Мне пад сорак, і хочацца пажыць спакойна, а не змагацца ўсё жыццё незразумела з чым. З Лукашэнкам, з яго рэжымам, з людзьмі, якія не здольныя рэфлексаваць».
Павел гатовы вярнуцца ў Беларусь, калі толькі там для яго будзе гарантаваная бяспека. Ён верыць, што на радзіме ў беларусаў будзе дужа шмат працы, і не толькі музычнай, але і палітычнай. Здаецца, ён гатовы прыкласці да гэтага намаганні, але пры адной вельмі важнай умове. «Калі я пабачу, што ёсць шанец працаваць на больш глыбокае разуменне працэсаў, я буду ўдзельнічаць у гэтым па меры магчымасцяў.
Але пакуль я гляджу на тое, як беларусы ставяцца да палітыкі, і мае думкі песімістычныя. Вельмі ўсё наіўнае, павярхоўнае. Людзі і раней так рабілі — галасавалі за таго, хто прыгажэйшы або класна гаворыць. Па становішчы на цяпер мне здаецца, што калі нічога не зменіцца, тыя ж людзі, якія ў 2020-м хадзілі пад бэчэбэ-сцягам, абяруць сабе другога Лукашэначку і будуць з ім шчаслівыя, пакуль зноў не пачнуцца пратэсты», — кажа ён.
Аракелян упэўнены, што беларусам варта было б шанаваць сваіх сапраўдных герояў, людзей, якія ўсё жыццё ў апазіцыі і цягам гадоў дэманструюць адданасць Радзіме, такіх, як Статкевіч, Севярынец, Дашкевіч. Аднак, бядуе Павел, у медыя гучаць іншыя імёны, і таму на парадку дня цяпер іншыя героі. Старыя зоркі апазіцыі патрэбныя беларусам, але, як мяркуе музыка, іх не дапусцяць да палітычнай дзейнасці, нават калі заўтра нешта зменіцца і гэтыя людзі выйдуць на волю.
І гэта не адзінае, што засмучвае джазмена. Ён разважае: «Уявім, што заўтра знікаюць Лукашэнка, Пуцін, іх сваякі, міністры і сілавікі, а ў Расіі да ўлады прыходзіць умоўны Хадаркоўскі, і нейкі час Маскве не да Беларусі, або ў краіну заходзіць полк Каліноўскага і бярэ ўладу. І зноў мы дзеля свабоды нічога не зрабілі».
Калі ты атрымліваеш нешта лёгка і не шануеш, ты можаш гэта страціць,
упэўнены Аракелян. Так беларусы могуць зноў аказацца ў тым жа пункце, дзе знаходзяцца цяпер, нават калі і здабудуць сабе волю.
Дык у што тады верыць, на што спадзявацца? Павел дзеліцца, што сам хацеў бы ведаць адказ на гэтае пытанне: «Цяпер будую жыццё вакол галоўнага прынцыпу для мяне — па меры мажлівасці не памнажаць нягод і маркоты, не рабіць таго, што пакідае ў гэтым свеце нейкую цемру. Да кагосьці стараюся лепш ставіцца, камусьці дапамагаю ў дробязях.
Мне так лягчэй. У любой рэлігіі ёсць дзясятак пастулатаў, якія дапамагаюць людзям суіснаваць і развівацца. Ва ўсіх яны прыблізна аднолькавыя: не забівай, не гвалтуй, не крадзі і гэтак далей,— і варта проста пра іх не забываць. Не таму, што інакш Божанька пакарае, а таму што тады ёсць шанец, што наш від мае права на існаванне».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Жыць жа на нешта трэба». Павел Аракелян прадае свае музычныя інструменты
«Беларусь цяпер — гэта краіна надзеі вялікай». Гутарка з Лявонам Вольскім
Каментары