Людзі нясуць букеты, дзяжурыць Расгвардыя. У Пецярбургу рыхтуюцца да пахавання лідараў ПВК «Вагнер». Вось што вядома
Паводле звестак «Фонтанки», у Пецярбургу плануюць пахаваць заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, камандзіра вагнераўцаў Дзмітрыя Уткіна і топ-менеджара структур Прыгожына Валерыя Чакалава, якія загінулі пры крушэнні самалёта Прыгожына на мінулым тыдні. Пры гэтым дата, месца і час пахавання дакладна невядомыя, піша «Медуза».
29.08.2023 / 12:58
У Пецярбургу на Серафімаўскіх і Паўночных могілках рыхтуюцца да пахавання вагнераўцаў. Фота: «Фонтанка»
Раніцай 29 жніўня на Серафімаўскіх і Паўночных могілках Пецярбурга была заўважаная паліцыя. Акрамя таго, на Серафімаўскіх могілках мылі асфальт і падрыхтавалі пахавальныя намёты. Таксама там заўважылі чалавека з нашыўкамі ПВК «Вагнер» з кветкамі.
На Паўночныя могілкі прыбылі людзі, верагодна, для развітання з вагнераўцамі. Толькі ў некаторых з іх сімволіка ПВК «Вагнер», астатнія — у цывільным. На могілках не чуваць ані залпаў вайсковага салюту, ані аркестра, перадае «Фонтанка».
Між тым, Яўгена Прыгожына абавязаны пахаваць з воінскімі ўшанаваннямі, паколькі ён мае званне Героя Расіі.
На пахаванні людзей, якія атрымалі такое званне, павінен быць эскорт з узвода салдат, вайсковы каравул і аркестр, а перад апусканнем труны ў магілу — салют халастымі патронамі.
Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна не будзе на пахаванні Яўгена Прыгожына, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Ён таксама сказаў, што Крэмль не валодае дакладнай інфармацыяй аб пахаванні.
Каля 13 гадзін на Паўночных могілках у Пецярбургу пачалося адпяванне Валерыя Чкалава, які загінуў разам з Яўгенам Прыгожыным у авіякатастрофе, паведаміла «Фонтанка».
Борт Яўгена Прыгожына Embraer ERJ-135BJ Legacy 600 разбіўся ў небе над Валдаем за 50 км ад рэзідэнцыі Пуціна 23 жніўня.
Чытайце таксама:
СК Расіі пацвердзіў гібель Яўгена Прыгожына
Пяскоў заявіў, што расійская дзяржава не фінансавала ПВК «Вагнер». Пуцін раней гаварыў зусім іншае
Лукашэнка: Я і не павінен гарантаваць бяспеку Прыгожына. А вагнераўцы «нікуды не бягуць»