Літоўскія мытнікі затрымалі на мяжы амаль мільён пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт

Мытнікі з Літвы 20 жніўня на пункце пропуску «Райгард» (з беларускага боку «Прывалка») выявілі вельмі буйную партыю кантрабандных цыгарэт. У машыне перавозілі амаль мільён пачкаў.

25.08.2023 / 23:51

Фота: lrmuitine.lt

Грамадзянін Беларусі, якога надглядалі мытнікі, заявіў, што вязе ў грузавіку поліэфірнае валакно. Але машыну праверылі рэнтгенам і выявілі, што за некалькімі пакункамі валакна перавозяцца цыгарэты беларускай вытворчасці — 967 тысяч пачкаў Minsk, NZ, Queen, Dove, Fest і іншыя. Кошт кантрабанднай партыі ацанілі ў 3,99 млн еўра.

Кіроўцу грузавіка Daf затрымалі на два дні, але адпусцілі пад заставу 15 тысяч еўра. Адносна яго распачалі дасудовае расследаванне.

Літоўскія мытнікі расцэньваюць гэты і іншы выпадкі, якія апошнім часам пачасціліся, як сведчанне пэўнага адчаю кантрабандыстаў: яны цыгарэт ужо амаль не хаваюць і рызыку пад увагу не бяруць, а проста спадзяюцца, што мытнікі не стануць правяраць кожны грузавік. 

Калі раней такія буйныя партыі лавілі некалькі разоў на год, то цяпер — ці не кожны месяц, пішуць літоўскія мытнікі. Акрамя таго, раней кантрабанда была куды больш крэатыўная і вынаходлівая.

Чытайце таксама:

42-гадовы вілянчук стаў апошнім зарэгістраваным кантрабандыстам на памежным пераходзе «Цверач»

У Воранаўскім раёне памежнікі затрымалі беларусаў з беспілотнікам

Беларускія кантрабандысты схавалі цыгарэты пад вугаль

Nashaniva.com