Беларуская мытня павялічыць змены на межах з Літвой і Латвіяй

Рашэнне прынялі ў сувязі з прыпыненнем Літвой з 18 жніўня працы двух памежных пунктаў пропуску.

17.08.2023 / 15:12

Беларуска-літоўская мяжа. Фота: сацсеткі

Беларуская мытня ў сувязі з рашэннем Літвы аб прыпыненні з 18 жніўня працы двух памежных пунктаў пропуску ўзмоцніць змены на КПП на літоўскай і латвійскай межах. Пра гэта паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі.

«З 00:00 18 жніўня набывае моц чарговая недружалюбная мера літоўскага боку — закрываюцца для руху літоўскія пункты пропуску, сумежныя з беларускімі «Лоша» і «Відзы». <…> Прагназуецца, што транспартныя патокі з закрытых пунктаў пропуску пераарыентуюцца на беларуска-літоўскія «Каменны Лог» і «Катлоўка», беларуска-латвійскі «Урбаны». Адпаведна, нагрузка на гэтыя пункты пропуску ўзрасце. Беларускай мытняй, у сваю чаргу, будуць прыняты ўсе магчымыя меры мінімізацыі шкодных наступстваў ад прынятых літоўскіх рашэнняў, у тым ліку па стварэнні ўмоў для перасячэння мяжы і ўзмацненні мытных змен у гэтых трох пунктах пропуску», — гаворыцца ў паведамленні.

Чытайце таксама:

Літва ўсё ж закрывае два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю

Беларусы расказалі, што адбываецца на мяжы з Літвой напярэдадні магчымага закрыцця КПП

Стала вядома, колькі чалавек праходзіла праз закрытыя Літвою памежныя пункты

Nashaniva.com