«У нас новы рэкорд». У Польшчы распавялі, колькі беларусаў цяпер у іх працуе легальна
Свежую статыстыку прывяло польскае Упраўленне сацыяльнага страхавання.
17.08.2023 / 14:28
Варшава. Фота: Pawel Toczynski / Getty Images
У Польшчы раскрылі актуальную колькасць замежнікаў, якія афіцыйна працуюць у іх. Гаворка ідзе пра больш як мільён чалавек, піша выданне Rzeczpospolita са спасылкай на свежую статыстыку польскага Упраўлення спецыяльнага страхавання (ZUS) за ліпень гэтага года.
Так, агульная колькасць легальна працуючых замежнікаў у Польшчы на канец ліпеня складала 1 мільён 98 тысяч чалавек, што на 40,2 тысячы больш, чым сёлета ў студзені, і на 73 тысячы больш, чым было летась.
«Новы рэкорд, зафіксаваны ZUS, асабліва звязаны з прытокам працоўных з Беларусі. Толькі ў ліпені ў нас легальна працавала ці кіравала кампаніямі 122,7 тысячы беларусаў, што на 12,4 тысячы больш, чым было сёлета ў студзені. А ўкраінскія работнікі ўсё яшчэ на першым месцы — цяпер іх амаль 750 тысяч, — аднак іх прыток істотна запаволіўся ў параўнанні з папярэднім годам», — адзначае Rzeczpospolita са спасылкай на даныя ZUS.
На трэцім месцы пасля ўкраінцаў і беларусаў па колькасці замежных работнікаў у Польшчы знаходзяцца грузіны. Іх колькасць на канец ліпеня складала 27,4 тысячы чалавек.
Нагадаем, што нядаўна Польшча таксама раскрыла інфармацыю і па цяперашняй колькасці беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах краіны. Студэнты з Беларусі ўваходзяць там у тройку найбуйнейшых груп замежнікаў.
Чытайце таксама:
Эканаміст пра нашы перспектывы: Галодных бунтаў не будзе, але многія сутыкнуцца з беспрацоўем
Стала вядома, колькі чалавек праходзіла праз закрытыя Літвою памежныя пункты
Краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць пытанне закрыцця мяжы з Беларуссю ўжо ў гэтым месяцы