Незалежныя Украіна і Беларусь надзвычай важныя для незалежнай Польшчы — Анджэй Дуда

«Незалежная Украіна і незалежная Беларусь надзвычай важныя для незалежнай Польшчы, для бяспекі нашых межаў, а мы, палякі, заўсёды ставімся да нашых межаў як да святыні», — заявіў падчас выступлення на парадзе з нагоды Дня Войска Польскага 15 жніўня ў Варшаве прэзідэнт гэтай краіны Анджэй Дуда.

15.08.2023 / 21:23

Анджэй Дуда падчас выступлення на парадзе. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski

Палітык адзначыў, што на працягу ўсёй гісторыі Польшчы яе межы «падвяргаліся нападам, і польскія жаўнеры пралівалі кроў, абараняючы іх, таму мы добра ведаем, што абарона межаў — гэта адна з абсалютных асноў незалежнасці».

Пасля перакідкі ў Беларусь наймітаў расійскай ПВК «Вагнер» Польшча заявіла пра намер умацаваць межы, а менавіта Сувалскі калідор і «Брэсцкую браму», якія з'яўляюцца «адчувальнымі пунктамі».

Вось і сёння Дуда заявіў:

«Усе ў Польшчы мусяць зразумець, што ўвесь час супраць нас робяцца і будуць рабіцца розныя правакацыі. Такі цяпер час, таму мы мусім быць у пастаяннай гатоўнасці».

Пры гэтым польскі прэзідэнт падкрэсліў, што пытанні бяспекі дзяржавы не мусяць быць прадметам палітычных спрэчак:

«Заклікаю ўсіх палітыкаў да адказнасці. Не паддавайцеся на правакацыі, не давайце сабой маніпуляваць. Бяспека Польшчы — найважнейшая справа. Абавязак палітыкаў — клапаціцца пра бяспеку Польшчы, палякаў і полек».

Чытайце таксама:

Чыноўнік НАТА не выключыў членства Украіны ў Альянсе, але ў абмен на адмову ад часткі тэрыторыі. Украіна пратэстуе

Усю ўсходнюю мяжу Польшчы будуць ахоўваць масіўныя назіральныя аэрастаты. Іх радары пакрываюць Гродна і Брэст

Польшча траціць на войска больш за іншыя краiны НАТА

Nashaniva.com