Гарадзенцу за каментары з заклікам удзельнічаць у пратэстах далі пяць гадоў калоніі
У cудзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынесены прысуд 30-гадоваму Вячаславу Янюку, абвінавачанаму ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 КК). Працэс вяла суддзя Маргарыта Ланцэвіч, піша «Вясна».
15.08.2023 / 13:14
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Фота: spring96.org
Абвінавачанне сцвярджала, што Вячаслаў Янюк у 2020 годзе неаднаразова размяшчаў у тэлеграм-каналах «Іхтыяндры Гродна», «Гордыя гродзенцы», «Гародня 97%», «Мая краіна Беларусь» «агульнадаступныя паведамленні, якія змяшчалі выказванні пабуджальнага характару і заклікалі да гвалтоўных дзеянняў…».
Суду Янюк патлумачыў, што сапраўды неаднаразова размяшчаў свае каментары з заклікам выходзіць для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Ён зазначыў, што каментары размешчаныя менавіта ім, аднак яны не маюць дачынення да арганізацыі масавых беспарадкаў, закліку іншых грамадзян да супрацьпраўных дзеянняў, некаторыя з каментароў пакінутыя ім на эмоцыях.
Тым не менш суд Кастрычніцкага раёна Гродна 23 чэрвеня пастанавіў прызнаць Янюка вінаватым у падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія «суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі», і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Гродзенскі абласны суд, разглядаючы 8 жніўня апеляцыю, выключыў з апісальнай часткі сцверджанне аб падрыхтоўцы абвінавачанага да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца пагромамі, пакінуўшы пры гэтым ранейшы тэрмін пакарання.
У чэрвені Вячаслава ўнеслі ў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Чытайце таксама:
Электрыку аднаго з гомельскіх гіпермаркетаў прысудзілі два гады калоніі за асуджэнне вайны