Вольга Бондарава патрабуе закрыць фэнтэзі-сядзібу «Літоўка» каля Навагрудка
Актывістка Вольга Бондарава, якая змагаецца з беларушчынай, паветранымі змеямі і вясёлкавымі аднарогамі, гэтым разам звярнула ўвагу на фэнтэзі-сядзібу «Літоўка» ў Навагрудскім раёне.
15.08.2023 / 12:19
«Літоўка». Фота: Intex-press
Бондарава напісала зварот пракурору Гродзенскай вобласці Аляксандру Жукаву. На яе думку, уладальнікі падманваюць улады, анансуючы сваю працу як аграсядзібу, але «не аказваюць паслуг для пражывання аграэкатурыстам», фактычна працуюць як музей.
Але галоўная прэтэнзія Бондаравай — афармленне сядзібы.
На думку жанчыны, у сядзібе прысутнічаюць экспанаты «асацыяльнага і парнаграфічнага характару, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці», напрыклад:
«аголеная натура ў вычварэнскай форме з наўмыснай дэманстрацыяй геніталій»;
«псіхадэлічныя карціны і прадметы»;
«карціны ЛГБТ-тэматыкі»;
«прадметы і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для гвалту над людзьмі»;
«барэльефы з фігурамі людзей, якія адчуваюць боль і пакуты, у ненатуральных позах» і г. д.
Да таго ж у сядзібе, перажывае Бондарава, «адсутнічае магчымасць азнаямлення з сельскагаспадарчымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі гэтай мясцовасці».
Таксама, паводле жанчыны, экскурсавод «дае скажоную трактоўку Бібліі». Яна звяртае ўвагу, што невядома, ці ўзгоднена праграма экскурсіі з Міністэрствам спорту і турызму і ці ёсць атэстацыя ў экскурсавода.
«Складваецца ўражанне, што ўладальнікі аграсядзібы «Літоўка» мэтанакіравана праводзяць дэструктыўную працу дзеля разбурэння дзіцячай і падлеткавай псіхікі», — напісала Бондарава.
Яна папрасіла правесці праверку дзейнасці ўласнікаў аграэкасядзібы, ці адпавядае яна заканадаўству, прыцягнуць вінаватых да адказнасці і закрыць яе.
«Літоўка» — унікальная сядзіба ў Навагрудскім раёне. Адзін з самых містычных хутароў у Беларусі, які вабіць сваёй загадкавасцю. На тэрыторыі сядзібы размясцілі фантазійныя скульптуры. Яе пабудаваў прадпрымальнік Сяргей Коваль, які ў 2019 годзе пайшоў з жыцця. Закінутую вёску пад Навагрудкам бізнэсовец ператварыў у казачнае месца.
Чытайце таксама:
Інфаказачка Бондарава накінулася на вытворцу калгот і шкарпэтак — «парушае Канстытуцыю»
Чарговая спецмісія Бондаравай. Гэтым разам над «Еўраоптам»
«Нябачныя» сведкі справы Алеся Пушкіна. Хто данёс на мастака