На Свіслачы ў Мінску знайшлі незвычайную чарапаху. Але цешыцца з гэтага не выпадае
Нядаўна ў Мінску на Свіслачы знайшлі незвычайную жывёліну. Аказалася, што гэта чырванавухая чарапаха — інвазіўны для нашай фаўны від. Чаму ў тым, што такія чарапахі трапляюць у нашы вадаёмы, няма нічога добрага, піша «Дзікая прырода побач».
14.08.2023 / 21:24
Фота: Wikimedia Commons
У дзікай прыродзе Беларусі, у асноўным на Палессі, жыве толькі адзін абарыгенны від чарапах — балотная чарапаха. Яна ўключаная ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Што да чырванавухіх чарапах — то гэта амерыканскі від, раней іх прадавалі ў крамах і з рук. Людзі куплялі мілых маленькіх чарапашанят, бавіліся некаторы час, а потым, калі тыя вырасталі да памераў з талерку (да 20 см), пазбаўляліся ад іх, выпускаючы ў вадаёмы. Але так рабіць няможна!
Чырванавухая чарапаха — агрэсіўны канкурэнт нашай балотнай чарапахі. Пакуль невядома, як яна адаптуецца, але рызыкаваць няможна. На поўдні Еўропы праблема ўжо ёсць. З пацяпленнем клімату гэтай жывёліне могуць спадабацца і беларускія вадаёмы.
Краіны ЕС яшчэ ў 1997 годзе забаранілі ўвоз гэтага інвазіўнага віду на сваю тэрыторыю. У Беларусі забарона завозу і продажу чырванавухіх чарапах пачала дзейнічаць з 1 жніўня 2022 года.
Помніце, што экзатычных жывёл выпускаць на волю ў Беларусі няможна. Гэта таксама незаконна.
Чытайце таксама:
У Гродне ў рацэ вылавілі рэдкую чырванавухую чарапаху. Яна жыве толькі ў ЗША і Мексіцы
Жыве 30 гадоў і сыходзіць у зімовую спячку. Дзе ў Беларусі можна сустрэць рэдкую балотную чарапаху?