Кіроўца ў Нямеччыне патушыў аўтамабіль, які загарэўся… півам
Такая гісторыя магла адбыцца толькі ў Нямеччыне.
14.08.2023 / 14:47
Ілюстрацыйнае фота. Nam Y Huh / AP Photo
Суботнім днём па аўтабане ехаў аўтамабіль, за стырном якога быў 36-гадовы мужчына, а ў салоне — яго жонка і двое дзяцей. Раптам з-пад капота паваліў дым.
Заўважыўшы пажар, кіроўца неадкладна спыніўся на абочыне і высадзіў сям'ю, аднак чакаць пажарных мужчына не стаў і вырашыў дзейнічаць, піша тэлеграм-канал «Што там у немцаў».
Ён хутка адкрыў багажнік, дзе стаяла скрыня піва, і пачаў заліваць напоем ахопленую агнём машыну.
Каб цалкам патушыць полымя, яму спатрэбілася восем пляшак. Пажарным, якія прыбылі на месца здарэння, заставалася толькі ліквідаваць наступствы ўзгарання.
Як высветлілася пазней, прычынай пажару стаў дэфект рухавіка. На жаль, аўтамабіль рамонту не падлягае, затое своечасовыя дзеянні кемлівага кіроўцы прадухілілі сур'ёзныя пашкоджанні аўтабана.
На жаль, не вядома, якое менавіта піва было выкарыстана для тушэння пажару. Але можна выказаць здагадку, што піва было нямецкае.
Чытайце таксама:
У якой тары піва лепш захоўваецца: у пляшцы ці ў бляшанцы?
Беларусь забараніла ўвоз літоўскага і польскага піва
Самы аддалены паб Брытаніі прапанаваў бясплатнае піва тым, хто туды дойдзе