Праваабаронцам сталі вядомыя новыя акалічнасці затрымання наваполацкіх актывістаў Брыцікавай і Кухаронка

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць некаторыя новыя акалічнасці затрымання былой старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза на ААТ «Нафтан» Вольгі Брыцікавай і аднаго з працаўнікоў аб’яднання, які сышоў у стачку ў 2020 годзе, Аляксандра Кухаронка.

14.08.2023 / 08:35

Аляксандра Кухаронка, паводле праваабаронцаў, амапаўцы затрымалі ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна.

Ператрусы прайшлі на кватэры Кухаронка ў Наваполацку, у ягоных бацькоў у Наваполацку, а таксама ў вёсцы Росіца.

Пакуль вядома, што Аляксандр абвінавачваецца паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (частка невядомая).

Раней паведамлялася, што сярод затрыманых таксама і жонка Аляксандра — яна на волі. У сям'і — двое непаўналетніх дзяцей.

Брыцікаву, паведамляе «Вясна», абвінавачваюць паводле ч. 1 арт 361 Крымінальнага кодэкса (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або здзяйснення акта тэрарызму або дыверсіі, або ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь).

У 2020 годзе Вольга Брыцікава адбыла 75 сутак за кратамі запар — ёй прысудзілі 5 арыштаў за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Падчас арышту яна абвяшчала галадоўку на знак пратэсту.

Аляксандр Кухаронак — адзін з самых першых, хто ў 2020 годзе абвясціў стачку на прадпрыемстве. Яго таксама арыштоўвалі па адміністрацыйнай справе — у 2021 годзе ён адбыў 20 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП.

Праваабаронцы спрабуюць высветліць месцазнаходжанне затрыманых актывістаў.

Чытайце таксама:

«Я выступала супраць вайны, што ў гэтым дрэннага?!» Вольга Брыцікава расказала пра 75-дзённы арышт 

Вольгу Брыцікаву асудзілі ўжо пяты раз запар, яна будзе сядзець як мінімум 75 сутак

Жанчына, якая загнала ў кут Церцеля. Хто такая менеджар «Нафтана», якую трэці месяц мучаць суткамі

Nashaniva.com