96-гадовая ўкраінка ўпершыню атрымала замежны пашпарт. Яна збіраецца ляцець у Амстэрдам да ўнучкі

«Хачу свет убачыць. Я шмат кніг чытала, я ведаю, што, дзе і як, але паміраць буду ва Украіне», — кажа Наталля Коспа. 

11.08.2023 / 06:46

Скрыншот відэа

Жыхарка Ровенскай вобласці Наталля Коспа ўпершыню атрымала замежны пашпарт у 96 гадоў і плануе паляцець у Амстэрдам наведаць унучку. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.

«Бабуля марыць наведаць унучку ў Нідэрландах. Непакоіцца, што ў такім падарожжы ёсць рызыка. Але яна ўпэўненая — дакладна вытрымае», — распавядаюць у міністэрстве.

У МУС адзначаюць, што свой дух жанчына загартавала ў Другую сусветную вайну. Яна была сувязной УПА, за што савецкая ўлада зняволіла 17-гадовую Наталлю на два гады. Жанчына распавядае, што яе дапытвалі чатыры дні запар.

Таксама Наталля Коспа з дзяцінства пісала вершы і выдала зборнік «Незабудка».

Пасля візіту за мяжу пенсіянерка абяцае вярнуцца ва Украіну.

«Хачу свет убачыць. Я шмат кніг чытала, я ведаю, што, дзе і як. Ва Украіну вярнуся, бо доўга нідзе не магу быць — не хачу паміраць нідзе, толькі ва Украіне», — заявіла жанчына.

Чытайце таксама:

Знойдзеная метрыка нараджэння і хрышчэння Янкі Маўра

Памерла Тэкля Юневіч — найстарэйшы чалавек нашага рэгіёна за ўсю гісторыю

Nashaniva.com